Артыкул быў надрукаваны ў часопісе "Полымя", №2, 1988.

 

 

ПАДЗЕІ ГІСТОРЫІ І ВЕРСІІ ЛІТАРАТУРЫ

некалькі разваг над гістарычнай прозай

 

 

Пра Гарадзельскую унію многія пісалі, але ўскосна, тэзісамі. Наогул амаль усё XV стагоддзе засталося па-за ўвагай прыгожага пісьменства. Таксама уніі Люблінская і Брэсцкая. Паўночная вайна, падзелы Рэчы Паспалітай, прылучэнне Беларусі да Расійскай імперыі пакуль што не натхнілі нашых творцаў нават на маленькую аповесць. (Сярод выключзнняў — раман В. Чаропкі «Случакі» пра Клецкую бітву.) Найболей пашанцавала падзеям нацыянальна-вызваленчага руху ў XVІІ і XІX стагоддзях; менавіта гэта войны 1648 —1654 гадоў і паўстанне, узначаленае Кастусём Каліноўскім. Апошнім часам з'явілася некалькі гісторыка-біяграфічных твораў: Валянціна Коўтун напісала раман пра Алаізу Пашкевіч, Васіль Хомчанка прысвяціў аповесць Францішку Багушэвічу, Пятро Бітэль аддаў даніну памяці Апанасу Філіповічу, пад пяром Адама Мальдзіса ў аповесці «Восень пасярод вясны» паўстае постаць Уладзіслава Сыракомлі. Вобразы Ігната Грынявіцкага і Казіміра Лышчынскага стварыў У. Арлоў. Але калі называць тых, каго мастацкая літаратура не адзначыла хоць бы старонкай, дык прыйдзецца пералічваць натоўп.

Ды не варта задужа папікаць пісьменнікаў за няўважлівасць, а гістарычную навуку сароміць за «белыя плямы» на гістарычнай карце. Ведаючы, якія цяжкасці сустракаюць навукоўцаў пры выданні арыгінальных прац, не маем мы маральнага права крытыкаваць. іх за маўчанне. Зразумела, маю на ўвазе дасведчаных, сумленных навукоўцаў, бо хапала і такіх, хто з меркаванняў кан'юнктуры старанна пераводзіў гісторыю з трохмернай прасторы ў двухмерную сістэму. У якасці яскравага прыкладу нагадаю тут рэцэнзію доктара гістарычных навук А. І. Залескага на ацтыкул Міколы Ермаловіча, прысвечаны 1125-годдзю Полацка і змешчаны ў майскім нумары «Маладосці» за мінулы год. Вульгарна-сацыялагічныя погляды Залескага, як гэта ні дзіўна, знайшлі падтрымку ў пэўнай часткі навукоўцаў, сведчаннем гэтага стаў артыкул доктара гістарычных навук А. П. Ігнаценкі пад гучнай назвай «Гістарычны факт — не фантазія», апублікаваны ў газецё «Звязда» (24 верасня 1987 года) на паласе, адданай палеміцы з артыкулам Ермаловіча. Пра артыкул Ігнаценкі паведамлялася, што ён абмяркоўваўся на кафедры гісторыі БССР нашага сталічнага універсітэта і падтрыманы супрацоўнікамі кафедры. Падтрыманы тэзісы, што не было нападу Уладзіміра на Полацк, забойства Рагвалода, гвалту над Рагнедай, што ўсё гэта — «народнае паданне». Не буду пераказваць увесь эмест артыкула, хто зацікавіцца, можа прачытаць, прывяду толькі апошні абзац: «Такім чынам, мае рацыю А. Залескі, даючы адмоўную ацэнку артыкулу М. Ермаловіча, які скажае гістарычнае мінулае беларускага народа». Чаму Мікола Ермаловіч, які дзесяцігоддзі прысвяціў вывучэнню летапісаў, якому належыць мноства доказных артыкулаў і выдатных даследаванняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, «скажае», а А. І. Залескі, які наўрад ці трымаў беларуска-літоўскія летапісы ў руках (пра што сведчыць спіс ягоных навуковых прац, ягоныя кандыдацкая і доктарская дысертаіцыі), «мае рацыю», — зразумець немагчыма. Бо калі б ён і ягоныя аднадумцы зазірнулі ў Лаўрэнцьеўскі, Радзівілаўскі, Акадэмічны летапісы, у гісторыю Карамзіна і паставілі б сабе мэтай іх асэнсаваць, дык з павагай паставіліся б да звестак, занатаваных старажытнымі храністамі. І калі б уважліва чыталі гістарычную спадчыну К. Маркса, дык не адважыліся б прыпісваць яму захапленне «імперыяй Рурыкавічаў». Бо, паводле слоў К. Маркса, для гэтай імперыі былі характэрнымі «васальная залежнасць без ленаў і лены, якія складаліся выключна з даніны», «прымітыўная арганізацыя заваёў», «хуткі працэс росту ва ўсіх напрамках», уласцівы «і іншым варварскім (гатычным) народам Еўропы». Але відавочна, на што арыентуюць літаратуру «аўтарытэты» — ісці па наезджанай каляіне, трымацца тых штучных вешак, якіх панаставілі яшчэ ў трыццатыя гады. Інакш кажучы, пісьменнікам прапануюцца малюнкі для расфарбоўвання.

Л. М. Талстой, які глыбока цікавіўся гісторыяй, свой адыход ад гістарычнай прозы растлумачыў наступным чынам: «З Пятроўскай эпохі я не мог напісаць таму, што яна занадта аддаленая ад нас, і я адчуў, што мне цяжка пранікнуць у душы тагачасных людзей, да таго яны непадобныя да нас». Многія з нашых пісьменнікаў не займаюцца гістарычнай прозай таму, што ад іх чакаюць, каб тагачасныя людзі былі моцна падобныя да нас.

Л. М. Талстой, як вядома, быў максімаліст. Прывяду больш памяркоўную думку, выказаную Аляксандрам Блокам. У «Гістарычных малюнках» ён пісаў: «Скарыстаўшы гістарычныя абагульненні нашага часу, трэба зрабіць пры святле іх зваротны шлях, вярнуцца ад Гісторыі да летапісу, малюючы падзеі ў іх спрадвечнай наіўнасці і летапіснай прастаце, — аднак такім чынам, каб у гэтым малюнку праглядвала і напрошвалася сама сабой сувязь паміж падзеямі, якую вызначыла гісторыя». Наша літаратура не шмат яшчэ нарабіла такіх «малюнкаў», не назапасіла яшчэ матэрыялу, багатага на канцэптуальныя вытлумачэнні. Ды і адкуль ім узяцца, калі дактары гістарычных навук лічаць, што ёсць толькі адна ісціна, менавіта тая, якой трымаюцца яны. Іншыя — «народнае паданне». Вышэй я ўжо адзначаў, што часам няма нават магчымасці параўнаць творы, прысвечаныя адной падзеі ці адным і тым жа гістарычным асобам. Сярод лічаных выключэнняў — раман Л. Дайнекі «Меч князя Вячкі», дзе атрымаў «адмоўную характарыстыку» полацкі князь Уладзімір, і.аповесць Уладзіміра Арлова «Дзень, калі ўпала страла», дзе той жа Уладзімір характарызуецца «станоўча». У гэтым аспекце названыя творы як бы тэза і антытэза. У Дайнекі квязь Уладзімір, узрушаны пачаткам паходу, памірае, як раней казалі, ад разрыву сэрца. У аповесці Арлова князь стаў ахвярай змовы крыжакоў, якія атруцілі яго напярэдадні паходу. У  Дайнені Уладзімір быў у вялікай нязгодзе з горадам, баяўся яго, пралікі ягонай палітыкі — вынік недальнабачнасці. Паводле Арлова, Уладзімір жыў з палачанамі душа ў душу, яны любілі яго, ён быў разважлівы і мудры, а пралікі княжай палітыкі адбываліся больш з віны і прошукаў крыжакоў. І калі б не змова, калі б не атрута, дык войска рушыла б на тэўтонаў, перамагло, і ўся гісторыя на нашых землях магла пайсці інакш. Але князь памёр, паход не адбыўся, і гісторыя Полацкага княства пакрочыла сцяжынай няўдачы.

Я з прыязнасцю стаўлюся да абодвух аўтараў, лічу, што ёсць свае вартасці ў кожным з названых твораў, і наогул, на маю думку, беспрадметна вызначаць, дзе больш, дзе менш верагоднасці. Ніхто не ведае, як сапраўды было. Таму, чым больш інтэрпрэтацый, тым лепш. Так што скарыстаю зручны выпадак выказаць некаторыя ўласныя меркаванні. На маю думку, сутнасць полацкіх падзей пачатку XІІІ стагоддзя мала спалучана з вартасцямі князя. Мела месца драма; можа, нават будзе бліжэй да праўды, калі сказаць, што мела месца трагедыя — Полацк сыходзіў з гістарычнай сцэны ў цень, ён страціў магчымасць іграць значную ролю ў тагачасным гістарычньім працэсе на Беларусі. Гэты заняпад быў падрыхтаваны братазабойчымі войнамі, якія цягауліся запар амаль два стагоддзі. Найбольш адчувальна на моцы і будучьіні Полацка адбіліся бязлітасныя паходы Манамаха на полацкія прыгарады, арышт і высылка ў Візантыю ўсяго калена полацкіх князёў, дзе большасць з іх загінула. Разбітае на ўдзелы Полацкае княства фізічна не магло супрацьстаяць арганізаванаму наступу крыжакоў. Але заклік да аб'яднання сіл усіх беларускіх княстваў, які так хораша гучыць на старонках названых і іншых нашых раманаў, ужо няможна было ажыццявіць гэтак жа, як і заклік да саюза рускіх князёў перад палавецкай пагрозай. Аб'яднанне патрабавала дужай рукі. Полацкі Уладзімір, як паказалі падзеі, якасцей аб'яднаўцы не меў. Сітуацыя яе вьшравілася ўдзелам полацкіх і віцебскіх палкоў у пераможных бітвах разам з наўгародцаміі на Няве і Чудскім возеры. Гэта — гераічны факт нашай гісторыі, прыгожьі фінал пэўнай эпохі. Традыцыя перарвалася, ствараецца новая дзяржава — беларуска-літоўская ці літоўска-беларуская, але ані не пераемніца Полацка. Мне здаецца, што мы, пісьменнікі (і некаторыя крытыкі-навукоўцы), робім вялікую памылку, калі наіўна ўяўляем, што гераічнае асвятленне трагічных падзей выканае аб'яднаўчую і выхаваўчую задачы літаратуры. Суцэльнасць беларускай Гісторыі можна прасачыць толькі праз прызму трагічнасці. Мы былі народам, абраным ці асуджаным (можа, праз геаграфічнае становішча) на неадступнае выпрабаванне пакутамі. Мы вытрывалі іх. Наш галоўны гістарычны вопыт — мужнае цярпенне няўдач. Нашы перамогі і здабыткі рэдка ішлі нам на карысць. Мы праз стагоддзі не ведалі, хто мы такія. Полацкае княства нават у час свайго росквіту — далёка не ўся Беларусь, а беларускія землі ў складзе Вялікага княства Літоўскага, хоць была там дзяржаўнасць мовы, наваградскі герб, які адціснуў Гедымінавы «столпы», таксама не атрымалі статуса, які мы надаём паняццю Беларусь. Кастусь Каліноўскі быў першы, хто звярнуўся з заклікам да ўсяго беларускага народа. Але прагучаў гэты заклік у 1862 годзе. Праз тысячу гадоў пасля заснавання Полацка. Ці ж не патрабуюць ад чытача добрай гістарычнай падрыхтоўкі і пэўнага нестандартнага, недагматычнага .мыслення тыя сумныя тлумачзнні, якімі мы зараз шчодра аздабляем свае аповесці, артыкулы, даследаванні, нататкі, напрыклад, пра тое, што некалі Літва была не там, дзе сёння, а тое, што сёння называецца Літвой, раней называлася Аўкштотай і Жмуддзю, што «літвін» — ніяк не літовец, а беларус, што Вільня настолькі ж была сталіцай для Беларусі ў часы Вялікага княства Літоўскага, наколькі лічылася сталіцай і ў літоўцаў, Што князі літоўскага паходжання ў беларускіх, украінскіх, рускіх гарадах былі вымушаны хрысціцца ў праваслаўе (Таўцівіл, Андрэй Полацкі, Карыбут, Яўнут, Ягайла, Вітаўт) і да т. п. Але трымаць у галаве табліцу паправачных каэфіцыентаў — задача складаная. Куды прасцей успрымаецца міф пра заваёву Беларусі літоўскімі князямі, а потым польскімі панамі з усімі жахлівымі вьюікамі такога захопу, нацыянальнага і рэлігійнага ўціску і зразумелай неабходнасці вызваліць з-пад прыгнёту «захопленых братоў».

Па праўдзе кажучы, мне адным часам здавался, што гэты міф, створаны дваранскай гістарыяграфіяй, зняты з «узбраення» сучаснай літаратуры. Але некалькі год назад трапіў у рукі раман Рамана Іванычука «Цёмна^чырвонае віно», прысвечаны драматычным падзеям на землях Беларусі, Украіны і Літвы ў 1430—1435 гадах, калі па смерці Вітаўта вялікім князем стаў Свідрыгайла. На некаторых ідэях гэтага цікавага, таленавітага рамана варта спыніцца. Менавіта на думках Свідрыгайлы. Вось што думае князь; «Ён жыў у часы, калі выходзілі з балот і пушчаў упартыя, учэлістыя, лютыя ў сваёй маладой сіле яцвягі і куршы; захоплівалі амаль без супраціўлення некалі магутныя, а потым разрозненыя татарамі княствы Чорнай, Белай і Чырвонай Русі — і дабраліся да.самога Кіева... Цёмнымі заваявалі яны Русь і ад Русі адукаваліся, праваслаўную веру перанялі ў іх... і аслаблі разам з захопленым народам... Яшчэ не паспела адкаціцца на ўсход татарская арда, як з Захаду наляцелі жалезныя полчышчы тэўтонаў... Тады з Кракава ў Вільню прыбылі паслы да слабога, але жорсткага і славалюбнага літоўскага князя Ягайлы, паказалі залатую польскую карону... і на праваслаўных землях пайшоў каталіцкі мор». І пачалася, паводле логікі аўтара, народная барацьба за прыніжаную веру, за вольную Русь. З пункту гледжання беларускай гісторыі ўсё ў такой інтэрпрэтацыі ці перакручана ці перасунута з XVІІ стагоддзя на дзвесце гадоў назад. Ніколі яцвягі і куршы не стваралі дзяржаву, тым больш такую, якая захоплівала рускія княствьі. Яцвягаў адціскалі ў пушчы яшчэ з часоў Уладзіміра. Напрыклад, аднялі ў іх Брэсцкую зямлю. У 1263 годзе яцвягі далучыліся да вайны прусаў з Ордэнам, а ў 1283 годзе пасля разгрому паўстання апошні яцвяжскі князь Скурдо вывеў свой род шукаць прытулку на так званай Чорнай Русі (Заходняя Беларусь). Разрознілі рускія княствы не татары, а Любецкі з'езд князёў за паўтара стагоддзя да нашэсця. Дзяржава, пра якую ідзе гаворка, была створана ў сярэдзіне XІІІ стагоддзя на падмурку Наваградскага княства, куды за баявога князя быў запрошаны МІндоўг, радавое гняздо якога знаходзілася паблізу Ашмян (літоўска-беларускае памежжа). Украіна была не захоплена, а вызвалена ад татар войскамі Альгерда, вядома, разам з украінцамі. А ў войску Альгерда тры чвэрці складалі дружыны з беларускіх зямель. Кіеў пасля Батыевага нашэсця прыйшоў у такі заняпад, што там, паводле сведчанняў падарожнікаў, налічвалася каля 200 двароў. Нават мітрапаліт пакінуў былую сталіцу. У Кіеве сядзеў ардышскі зборшчык даніны. Калі войска Альгерда «дабралася да самога Кіева», то там сеў княжыць праваслаўны князь Уладзімір Альгердавіч — стрыечны брат Дзмітрыя Баброка-Валынскага, таго самага, што ўзначальваў засадны полк у Кулікоўскай бітве. Кіеў быў адбіты ў татар, вернуты праваслаўю і пачаў адраджацца. Праваслаўнае насельніцтва ў тым стагоддзі прымусовага акаталічвання яшчэ не зведала. «Мор» на беларускіх і ўкраінскіх землях пачаўся пасля Трыдэнцкага сабору, калі пачала свой наступ контррэфармацыя, гэта значыць праз век пасля смерці Свідрыгайлы. Дзе ж ішоў «каталіцкі мор» у часы Вітаўта і Свідрыгайлы? На этнічных літоўскіх землях — тут дзяржава праводзіла гвалтоўную хрысціянізацыю. Вось у язычніцкай Жмудзі сапраўды знеслі тысячы талоў.

Так што вайна Свідрыгайлы з Жыгімонтам Кейстутавічам зусім не народная вайна супраць акаталічвання і нацыянальнага прыгнёту, а барацьба праваслаўнай феадальнай знаці за прывілеі, якія яна не атрымала па Гарадзельскай уніі.

У нас, у беларускай літаратуры, таксама часам некаторыя пісьменнікі «пакутуюць» за «пакрыўджанае латынянамі праваслаўе» мацней, чым царкоўныя гісторыкі. Ведаю гэта з уласнага вопыту, бо сам «пакутаваў» за «рускую» царкву, калі пісаў «Пагоню на Грунвальд». Забываемся мы, што дзяржаўнае праваслаўе было ані не лепшым за дзяржаўны каталіцызм.

стар. 1 / 2 / 3

стар. 1 / 2 / 3
annetarasovoi@gmail.com