Артыкул быў надрукаваны ў часопісе "Полымя", №2, 1988.

 

 

ПАДЗЕІ ГІСТОРЫІ І ВЕРСІІ ЛІТАРАТУРЫ

некалькі разваг над гістарычнай прозай

 

 

Памятаючы пра «мор каталіцкі», выкрываючы гэтае зло амаль у кожным гістарычным творы, мы маўчкі, як нямыя, пра «мор праваслаўны», які быў абрушаны на значную частку беларускага народа пры Кацярыне ІІ і асабліва пры Мікалаю І, калі зацвердзілася трыадзіная формула «самаўладдзе, праваслаўе, народнасць». Трагедыяй беларускага народа быў гвалтоўны перавод ва уніяцкую царкву ў XVІІ стагоддзі, але не менш трагічным стаў і адваротны перавод з уніятаў у праваслаўе, які праводзіла самаўладдзе пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і на працягу ўсяго XІX стагоддзя. Вось што, напрыклад, пісаў на гэтую тэму Герцэн у «Колоколе»: «Мы получили на днях некоторые подробности о.деле православного разбоя в Гродненской губернии, о котором мы писали в прошлом листе. И так, эта ужасная история справедлива, и гнусный Симашко высек себе новый памятник на спине беззащитных жертв. Со стороны гражданского начальства истязаннем заведовал окружной Новнцкий. Этот полицейский апостол сек людей до тех пор, пока мучимый соглашался принять причастие от православного попа. Один 14-летний мальчик после двухсот розог отказался от такого общення со Христом, его снова начали сечь, и тогда только, уступая страшной боли, он согласился. Православная церквь восторжествовала».

Пакуль што сацыяльны і палітычны змест «добраахвотнага вяртання» ў «лона праваслаўнай царквы» наша гістарычная проза не закранула. Бо «небяспечны» сюжэт. «Небяспека» чакае аўтара, які хацеў бы напісаць пра падзелы Рэчы Паспалітай у адпаведнасці хоць бы з тымі дакументамі, якія прыводзіць Салаўёў у сваёй «Гісторыі Расіі», ці пра паход Івана Грознага на Полацк, ці пра ваенныя дзеянні, якія вёў цар Аляксей Міхайлавіч на Беларусі ў 1654—1661 гадах. Пра паўстанні, якія папярэднічалі гэтай вайне напісана шмат, а пра вайну нават у 5-томнай Гісторыі БССР некалькі цьмяных слоў.

У кнізе «Мінулае — будучыні» акадэмік Д. С. Ліхачоў пісаў: «Я люблю Старажытную Русь. У чым адрозненне маёй любові ад некаторых славянафільскіх ідэалізацый Старажытнай Русі? Славянафілы не прыкмячаюць ніякіх недахопаў. Яны захоплены красою старажытнарускага жыцця, якое сапраўды ў нейкіх адносінах было прыгожым, хоць у іншых — і вельмі непрыгожым.

У Старажытнай Русі было вельмі многа такіх бакоў, якімі зусім не варта было, б захапляцца. Але тым не менш я гэтую эпоху вельмі люблю, таму што бачу ў ёй барацьбу, пакуты народныя, спробу надзвычай інтэнсіўную ў розных групах грамадства паправіць недахопы... Я вельмі люблю стараверства не за самыя ягоныя ідэі, а за тую цяжкую перакананую барацьбу, якую стараверы вялі, асабліва на першых этапах, калі стараверства было сялянскім рухам...»

Ну а мы, што мы любім з уласнай гісторыі, што ўшанавалі, чым ганарымся? Ганарымся Скарынаю, Будным, Грынявіцкім, Каліноўскім, Купалам. Ганарымся ўдзелам у Грунвальдскай, Кулікоўскай і Барадзіяскай бітвах.. Ганарымся Лышчынскім і Ельскім. Спіс можна працягваць доўга. Але мы пакуль не асэнсавалі і не ўвялі ў свой духоўны ўжытак такую унікальную з'яву, як адносіны паміж народамі ў Вялікім княстве Літоўскім з часу яго стварэння і да контррэфармацыі. Паміж трыма народамі — беларускім, літоўскім, украінскім, якія складалі насельніцтва Вялікага княства, на працягу стагоддзяў не было нацыянальнай варожасці, бітваў, сутычак. Кажучы сучаснай мовай, тут панавала інтэрнацыянальная свядомасць. Даследаванняў, прысвечаных такому сяброўству, здаецца, няма. А шкада, бо яны прыйшліся б на карысць інтэрнацыянальнаму выхаванню моладзі. У гэтым сэнсе не скарыстаныя і тыя магчымасці, якія дае гісторыя XІX стагоддзя для паказу сяброўства паміж рускім і беларускім народамі, што гартавалася пад час першай Айчыннай вайны, абароны Севастопаля, вызваленчай вайны ў Балгарыі супраць турак. У Мінску, у царкве Аляксандра Неўскага на вайсковых могілках, напісаны на мармуровых дошках імёны мінчукоў, якія аддалі свае жыцці за вольнасць балгар. А ў нас так і няма аповесці пра беларусаў, якія спяць вечным сном на балгарскай зямлі.

Наогул, незашораны позірк на «малюнкі гісторыі» дазваляе аб'ектыўна ўбачыць іх сацыяльны змест, 'стварыць інтэрпрэтацыі, далёкія ад кан'юнктуры. Напрыклад, пры знешняй яснасці тлумачэння народнай вайны ў XVІІ стагоддзі на Украіне і на Беларусі рэлігійнымі прычынаміі нацыянальным прыгнётам, становяцца зусім незразумелымі падзеі, якія адбыліся пасля Багдана Хмяльніцкага. Як, зыходзячы з «веры», зразумець павальную здраду казацкай старшыны і ўсіх водцаў народных атрадаў, што раней прысягалі на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу? Чаму некаторыя атрады сялян і гараджан павярнулі зброю супраць рускіх войск? Не таму ж толькі, што некалькі палкоўнікаў і атаманаў з былых прыгонных і казакаў атрымалі ад караля шляхецтва. Цар нічога не змяніў у сацыяльнай сістэме — прыгон на Беларусі і Украіне.якім быў, такім і застаўся. Наадварот, цар супрацьдзейнічаў сацыяльнай народнай барацьбе, не спыніўся нават перад карнымі акцыямі супраць паўстанцаў і беглых. Прыгняталі каталіцкія паны, сталі прыгнятаць праваслаўныя баяры, ды і мацней за першых, бо пераганялі насельніцтва ў свае «вотчыны», прадавалі захопленых людзей на нявольніцкіх рынках. Войны 1648—1667 гадоў абярнуліся для Беларусі небывалымі стратамі жыхароў і разбурэннем эканомікі. Больш жахлівых часоў у нашай гісторыі, за выключэннем гадоў Вялікай Айчыннай вайны, не было. Але ні пісьменнікі, ні гісторыкі не зрабілі яшчэ сур'ёзнай спробы асэнсаваць гэтую трагедыю. Творы пра той час ёсць (напрыклад, «Белая Русь» Іллі Клаза), але напісаны яны з задачай «гераічнага выхавання». Адзіны праўдзівы твор пра тыя падзеі належыць Барысу Сачанку. Гэта аповесць — «Дыярыуш Мацея Белановіча», трагічная хроніка ўзаемнага знішчэння людзей, якіх кожная з ваюючых краін пасылае на бойню за свае дзяржаўныя інтарэсы. «Дыярыуш» і напісаны выдатна. Гэта ў мастацкіх адносінах адна з лепшых аповесцей нашай гістарычнай прозы: цікавая форма, вытанчаная стылізацыя, мноства характараў, сакавітае слова. Аповесць не сапсавана павярхоўнай гераічнай псіхалогіяй, і таму, можа, многія яе старонкі западаюць у памяць, як, напрыклад, апісанне апошніх хвілін жыцця палкоўніка Міхайлы Крычэўскага: «А таму князь, гетман Януш Радзівіл параненага Міхайлу Крычэўскага пільна дапытваць казаў і на свой бок схіляць, мовячы, што палкоўніка Крычэўскага ў Рэчы Паспалітай помняць і цэняць і, калі ён удасць планы Хмяльніцкага, вылечаць і зноў у войску каронным службу высокую дадуць. Міхайла Крычэўскі маўчаў і толькі, вочы заплюшчыўшы, стагнаў ды зубамі ад болю скрыгітаў. Князь Януш Радзівіл спытаў, можа, хоча Крычэўскі папа, абы паспавядацца, на што палкоўнік казацкі адповеў: «Знаеш, князь? Хачу, праўда, вядро вады халоднай!» І з гэтымі словамі раптам апантана на ногі ўсхапіўся і галавой аб рыфу з сілай усёй стукнуўся. І бездыханны на зямлю зваліўся. І тое зрабілася імгненна ў хвілю адну, так што не чакаў ніхто і перашкодзіць таму не мог. І нас усіх смерць тая вельмі ж уразіла, а нават князя Яго Мосць самога... І ўзлаваны тым усім князь вельмі быў, і казаў казакаў, каторых у палон узялі мы, шаблямі там жа ў лесе густым пасеч, і Крычэўскага таксама сеч, хоць той і нежывы ўжо быў».

Дык чаму ж мы мала пішам пра трагічную даўніну? Бо трагічныя сюжэты цяжка суаднесці з важкімі стэрэатыпамі, з легкаважкімі экстрапаляцыямі сучасных дасягненняў на мінулыя эпохі. Напрыклад, тэрытарыяльныя дамаганні Расійскай імперыі, прылучэннё да імперыі тых ці іншых народаў. Не бярэцца ў разлік, што сапраўдныя сацыяльныя перамены і нацыянальнае адраджэнне многіх народаў сталіся вынікам Кастрычніцкай рэвалюцыі і ўтварэння сацыялістычнай дзяржавы. Лічыць Савецкі Саюз працягам Расійскай імперыі немагчыма. Гэта новая гістарычная рэальнасць. Падобнае экстрапаліраванне не хоча бачыць, што некалькі пакаленняў людзей асаблівага прагрэсу не ведалі, а ведалі гнёт імперскага дзяржаўнага механізму. Перанос на мінулае дасягненняў савецкай явы спрошчвае значэнне і памяншае аб'ём рэвалюцыйных перамен у свядомасці народаў, наогул, сацыялістычнай перабудовы жыцця. На Беларусі ўвесь XІX век дзейнічала забарона друку, справаводства, літаратуры на роднай мове. Даволі прыгадаць тыя цяжкасці і перашкоды, што зведала творчасць аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры В. Дуніна-Марцінкевіча. Пад выглядам барацьбы з уніятамі былі знішчаны шматлікія помнікі гісторыі і культуры, у эканамічных адносінах беларускія землі разглядаліся як аграрны дадатак і г. д. Зразумела, такая нацыянальная палітыка фарміравалася не ў народным рускім асяроддзі, а ў імперскіх кабінетах. Але яна была рэальнасцю. Па-за межамі памяці пра яе нельга зразумець пазнейшага станаўлення многіх нацыянальных літаратур, ды і шэрагу важных падзей у гісторыі некаторых народаў, скажам, паўстання 1863 года на Беларусі і Літве, вайны на Каўказе і г. д. Па-за межамі такой памяці становіцца незразумелай і праблематыка такіх твораў беларускай літаратуры, як драма «Хамуціус» Аркадзя Куляшова і раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», рамана літоўскага пісьменніка Вінцаса Пуцінаса «Паўстанцы» па драмы Эдуарда Скобелева «Каліноўскі».

У апошняе дзесяцігоддзе выйшла некалькі раманаў, якія, на мой погляд, змянілі звычныя далягляды гістарычнай прозы. Гэта, у прыватнасці, «І кожны, хто сустрэнецца са мной» Атара Чыладзе, «Белая царква» Іона Друцэ, «Памяць» Уладзіміра Чывіліхіна, «Паміж трыма пошасцямі» Яана Кроса, «Легенда пра разбураны горад» Нерча Зітрднцяна. Можна сказаць, што раман Чыладзе пра родавую свядомасць, «Памяць» — пра народнае адраджэнне, кніга Кросса — аб творчай асобе ў шчамлётках эпохі, але пры гэтай поўнай розніцы яны маюць аб'яднаўчы пачатак — гэта творы пра духоўнасць як выснову жыцця.

У «Легендзе пра разбураны горад» узнаўляецца Арменія эпохі цара Аршака ІІ. Чацвёртаё стагоддзе, войны паміж Персіяй і Візантыяй, маленькая краіна паміж варожых дзяржаў, а ў гэтай маленькай Арменіі сутыкаюцца свае непрымірымыя сілы, бязлітасна льецца кроў. Хаос са здзейсненых забойстваў і няздзейсненых надзей, малых удач і вялікіх паражэнняў, планаў, не вывераных з рэальнасцю, і вьшікаў, адваротных планам, упартая пагоня за шчасцем і пастаяннае расчараванне, страшэнная беэвыходнасць (не персы, дык грэкі), раздвоенасць дзяржаўных інтарэсаў і асабістых жаданняў, цьмянасць лёсу, адвечнае выпрабаванне сумлення на чысціню, веры — на трываласць, — ўсё гэта і ёсць жыццё народа. Не было б персаў ці візантыйцаў, было б лепш, але не сталася б добра, бо ў кожным караніцца прага ўлады і славы, варожасць чужой волі, прымхі, боязь за жыццё і гонар ці самалюбства, якія перамагаюць гэтую боязь. Што мае кожны, тым і валодае народ. Змяніць жыццё можна толькі змяніўшы душу, а гэта самае цяжкое на свеце.

Перамогай духу над бездухоўнасцю вырашаецца сюжэт «Белай царквы». Калі з дапамогай загаду і сувораўскага генія можна зрабіць тое, што немагчыма, але трэба зрабіць, — захапіць нёпрыступны Ізмаіл, дык вярнуць людзей да маральнасці, да сумлення загадамі генералісімуса немагчыма. Гэта даецца толькі душы, якая можа любіць.

У нашай гістарычнай прозе творам высокага духоўнага зместу з'яўляецца, на маю думку, раман У. Караткевіча «Хрыстос апусціўся ў Гародні». Наша літаратура можа ганарыцца, што мае такі твор. Па сутнасці, гэта новы апокрыф, народнае прачытанне Евангелля. Абуджаны дух робіць з блазнаў — апосталаў, з малой асобы, з шукальніка прыгод — Хрыста, чалавека, здольнага ахвяраваць жыццём за народ, чалавека, словы якога запаляюць скамянелыя сэрцы. Прывяду тут Нагорную казань Юрася Братчыка, з якой ён звярнуўся да паўстанцаў.

«Блажэнны тыя, хто ахвяруе людзям кроў сваю і свой гнеў, таму што на рахманых ездзяць.

Блажэнны міратворцы, калі не прыніжаны чалавек...

Блажэнны выгнанцы за праўду.

Блажэнны, калі выходзіце са зброяй за просты, бедны люд і падаеце... Таму што тады вы — соль зямлі і святло свету. Любіце і мірыцеся. Але і ненавідзьце тых, хто замахваецца на вас і вашу любоў. Мячом, занесеным над моцнымі, над хцівымі, над забойцамі праўды, дайце ўсім простым мір. І як спытаюць, нашто прыйшлі, адкажыце: адпусціць змучаных на свабоду, рабоў — з ланцугоў, бедных — з халуп, мудрых — з турмаў, гордых — з ярма».

Цікавасць да духоўнага боку жыцця адкрывае шлях да ўвасаблення даўніны без ілжывых дамінантаў на гераічнай ці ахвяравальнай старонках нацьіянальнай мінуўшчыны.

Сучасная гістарычная проза ў сваіх лёпшых творах даследуе барацьбу за шчасце, якую вялі папярэднія пакаленні, асэнсоўвае пазнаныя імі тупікі бездухоўнасці і духоўныя ўзвышэнні. Героіка духоўнасці патроху пачынае пераважаць над духам гераізацыі. Мужнасць, дабрыня, непрымальнасць крыўды — галоўны ўрок, які можа даць нам мінулае.

стар. 1 / 2 / 3

стар. 1 / 2 / 3
annetarasovoi@gmail.com