Размова з Кастусём Тарасавым, апублікаваная на сайце газеты "Новы час" ў снежні 2006.

 

 

 

 

Раздзел рыхтуецца...

 

 

 

БЕЛАРУСЫ

 

 

 

 

Пісьменнік Кастусь Тарасаў, аўтар гістарычных раманаў і аповесцей "Пагоня на Грунвальд, "Тры жыцці княгіні Рагнеды", "Апошняе каханне князя Міндоўга", "Скарб князя Радзівіла", гістарычных эсэ "Памяць аб легендах", адказвае на пытанні сайта «Новы час».

 

 

Існуе ўстойлівае меркаванне, што беларусы заўсёды былі сялянскай нацыяй і ў іх ніколі не было сваіх прадстаўнікоў адукаванага стана. Ці была ў нацыі беларусаў у гісторыі свая эліта?

Паняцце "нацыі" звязана з кансалідацыяй насельніцтва ў рамках развітой дзяржавы. Сялянства як сельскія работнікі самі па сабе нацыяй быць не могуць. Або яны вылучаюць з сваіх шэрагаў бюракратыю (эліту), або падпарадкоўваюцца чужой бюракратыі і навязаным законам. З гэтай нагоды, іх лёс заслугоўвае спачування.

Сёння мы не "сялянская нацыя", у нас ёсць уласна адукаваны стан, але толькі з ветлівасці можна сказаць, што ў нас ёсць беларуская эліта -- за межамі абмежаванага кола асобаў, звязаных з літаратурнай творчасцю. Асобы рускамоўнай эліты ў нашай краіне маюць тое дачыненне да беларусаў, што так яны акрэслены ў метрыцы.

Варта гаварыць аб элітах толькі тады, калі існуе беларускамоўная дзяржава, у адваротным выпадку, на маю думку, гэта не мае сэнсу. У перыяды існавання беларускай дзяржавы ўсе неабходныя эліты былі (палітычныя, духоўныя, ваенныя). Пад рознымі назвамі (Полацкае княства, ВКЛ) беларуская дзяржава існавала з X да сярэдзіны XVI стагоддзя, затым практычна знікла (юрыдычна - ляжала ў коме), але праз некаторы час (400 гадоў) аднавілася (БНР, 1-я БССР, ЛІТБЕЛССР, БССР, РБ). Самое нацыянальнае акрэсленне "беларусы" -- новае. Актыўна ім карыстаюцца больш за сто гадоў. Такім чынам мы вызначаем сябе сярод суседзяў. Але мы не можам вычленіць беларусаў з гістарычнага кантэксту, з тых паліэтнічных дзяржаваў, у якія нашыя землі ўваходзілі і ў якіх былі цэнтральнымі (напрыклад, у Вялікім княстве Літоўскім). Паколькі ў ВКЛ была дзяржаўная ўлада, то была і эліта - вялікія князі, мелі двор, канцылярыю, войскі, бюракратычную машыну, цэрквы розных конфесій. Усё -- мясцовыя кадры. Усё - "як у людзей".

 

Але на якіх асновах склалася тады ўзгаданае і даволі папулярнае сярод палякаў і рускіх "устойлівае меркаванне"?

Беларуская дзяржава (ВКЛ) у сілу дынастычнай уніі з Польшчай , а затым -- Люблінскай уніі, страціла адну з галоўных асаблівасцяў, неабходных для палітычнага аб'яднання людзей, -- дзяржаўную мову. Так званая эліта, гэта значыць тыя людзі, якія былі лепш забяспечаныя, мелі ў руках уладу і магчымасць прымаць рашэнні, пачынаюць ад яго адмаўляцца, бо кароль польскі стаў адначасна вялікім князем. Пасля страты мовы і згубы трона для ўласнага манарха (у той час гэта было сакральнае ўвасабленне дзяржаўных прэтэнзіяў дадзенага народа) гаварыць аб захаванні беларускай дзяржавы, па сутнасці, проста смешна. Просты народ працягваў існаванне ў ранейшых вёсках, карыстаўся ранейшай сваёй мовай і культурай, харчаваў і забяспечваў усім неабходным ранейшых сваіх уладальнікаў. Ад таго, што змяняліся над народам эліты і іх культурная арыентацыя -- спачатку на польскія, пасля на расійскія, праваслаўныя -- на пратэстанцкія, затым на каталіцкія -- для народа нічога не мянялася. Гэта – адначасовае жыццё розных грамадстваў на адной і той жа зямлі: адно было польскамоўным, другое – беларускамоўным, за сто гадоў беларускамоўнае стане выключна сялянскім. Народ мог звацца крывіцкім або літвінскім, або нальшанскім, або дрыгавіцкім і так далей – гэта нікога не цікавіць. Эліта свайму беларускаму народу здрадзіла. Вольна або міжволі -- не важна.

 

Чаму ж не важна?

Напачатку – слёзы ліла, вінаваціла Польшчу, пагражала Польшчы войной. Скора гэтыя настроі прайшлі, на першае месца паўсталі побытовыя запатрабаванні. Таму што гэта не здрада пэўнага чалавека, а даўгачасная здрада цэлым пластом людзей інтарэсаў дзяржавы, краіны, агульных перспектыў. У першым пакаленні здраднікаў яшчэ можна асабіста вычленіць з галоўных персанажаў, а потым дзейнічае маса, у якой кожным кіруе свая дробная цікавасць, а ў трэцім пакаленні ўсім усё добра, польская мова – водар каралеўскага двара, а свая працуе пад прыгонам. Да 1385 года, да Крэўскай уніі, дзяржава тэрытарыяльна большала, магла развівацца і далей, усталёўваючы сваю дзяржаўную (беларускую або, калі заўгодна, літвінскую, крывіцкую, дрыгавіцкую, нальшанскую) мову на сваіх і прылучаных землях (у той час, як і ў нашыя, такая дзяржаўная ідэалогія).

Да часу Крэўскай уніі Вітаўт і Ягайла сталі непрыхільнымі сапернікамі. Гэтая асабістая псіхалагічная ўстаноўка паўплывала на далейшее развіццё дзяржавы. Браты пачынаюць паласу міжусобных войнаў, затым Вітаўт перамог, вярнуў сабе вышэйшую ўладу, нездарма яго баяры крычалі «Слава каралю Вітаўту», а затым здзейсніў фатальную памылку: у 1399 г. – ён прайграе татарам бітву на Ворскле, хутчэй за ўсё па прычыне сваіх амбіцый, хоць ужо трымаў перамогу ў руках. Гэта самая сумная бітва ў нашай гісторыі -- было разбіта ўсё войска, загінулі 70 князёў. Структура войска змянілася…

 

А што было б, калі б ён выйграў?

У яго захавалася б цэлае пакаленне войска, па-другое, ён атрымаў бы новыя тэрыторыі і, як мае быць, матэрыяльна ўмацаваўся. Самае галоўнае, што гэтая перамога не дазволіла б тады палякам настойваць на адраджэнні уніі. Вітаўт замацаваў бы за сабой свае дынастычныя правы на Вялікае княства, што было вельмі істотна. Да 1430 года, калі ён памёр, ён не змог атрымаць каралеўскую карону, аб якой марыў, не змог забяспечыць сябе спадчыннікам -- і палякі прадыктавалі свае ўмовы. Не ўдалося адразу – на вышэйшага князя патрапіў амбітны палітык Свідрыгайла. Праз некалькі гадоў яны ў выніку змовы паставілі на трон брата Вітаўта Жыгімонта, слабую няяркую асобу. Ён быў забіты Аляксандрам Чартарыйскім, праваслаўным князем з Гедзімінавічаў, які абараняў тую праваслаўную эліту, якую душыў Жыгімонт. Сам Чартарыйскі ўцёк у Ноўгарад. Потым быў князем Пскова, але прысягі князю не даваў, век яго прайшоў незаўважаным.

Пасля Жыгімонта князем быў вызначаны выгадаваны ў Польшчы сын Ягайлы Казімір. Разам з ім прыходзіць і натоўп саноўнікаў, якія забяспечваюць адпаведную ідэалогію. І паколькі сталіца ВКЛ фактычна перамяшчаецца ў Кракаў, мясцовая эліта губляе неабходную энергію для таго, каб развіваць сваю дзяржаву. Зараз перад імі дзяржаўна нікчэмная задача -- павялічыць уласныя ўладанні. Прадстаўнікі эліты разумеюць, што для таго, каб ехаць у Кракаў, яны павінны адпавядаць нормам польскага двара -- там вучыцца, выхоўвацца, шукаць апякуноў.

У 1482 г. пачынаецца наступ Маскоўскага княства, якое прыйшло вяртаць усе прамежныя тэрыторыі, здабытыя намі крывёй і войнамі. Так званая эліта супраціўляецца, таму што не жадае губляць свае землі і ўладу, але няма свайга манарха, які зацікаўлены даць адпор агрэсару. У выніку ідуць услед страты тэрыторыі і паслабленне краіны, якое цягнецца да Люблінскай уніі. У 1569 г. унія аб'ядноўвае Польшчу і ВКЛ у адну дзяржаву -- Рэч Паспалітую. Будзе шкодна забыцца, што праз год яна завецца ўжо Рэч Паспалітая Польская.

III Статут Льва Сапегі і сеймавай камісіі, які ўсе сёння тлумачаць як перамогу, на мой погляд, не прадугледжваў самога галоўнага -- уласнага кіраўніка ВКЛ (дзяржавы). Ён у нас па сумяшчальніцтве носіць назву вялікага князя, паколькі галоўная яго цікавасць -- каралеўскі трон у Польшчы. Больш у нашай эліты не было задачы дзяржаўнага будаўніцтва, яна займалася тым, што, падобна барсукам, індывідуальна назапашвала багацці. Запрыгонены сялянскі стан забяспечваў матэрыяльную базу эліты, з яго трэба было выціскаць усе сокі, тым больш, што на нашай зямлі не было ні карысных выкапняў, ні рэк, ні мора, - гэта значыць умоў, якія, напрыклад, былі ў Англіі, Галандыі. І такое становішча працягвалася да трох падзелаў. Прылучэнне да Расіі прынесла іншы палітычны лад і іншую дзяржаўную мову.

Цяжка нават назваць новых чыноўнікаў беларускай элітай. Па дачыненні да задачаў агульнай тэрыторыі, якая страціла дзяржаўнасць і жадала яе аднавіць, гэта або польскія або акупацыйныя чыноўнікі. І такімі сталі нават свае, тыя, хто выйшаў з роду Сапегаў, Радзівілаў, Агінскіх, Тышкевічаў т.д. Калі яны і паўстаюць, то мараць вярнуць польскую дзяржаўнасць. Беларуская ўжо забытая зусім.

 

Ёсць расійская свядомасць і польская? А ці вылучаецца беларуская свядомасць?

Шляхта апалячылася і працавала на польскую дзяржаву, усё падставы для аднаўлення ранейшых межаў мелі польскую праграму. Простаму, гэта значыць беларускаму, народу трэба было поўнасцю апалячыцца, тады б ён ведаў, да каго ён належыць, а калі ён не апалячыўся, было зусім незразумела, як яго зваць. Ужо дзвесце гадоў дух польскі супраціўляецца духу расійскаму. Сёння ў нас такая ж сітуацыя. Асноўная мова -- расійская. Таму чалавек або вымушаны супраціўляцца гэтаму з усімі вынікаючымі наступствамі: стаць касмапалітам -- ні беларусам, ні рускім, ні палякам, а скажам так -- "грамадзянінам РБ", пры самавызначэнні ж сябе беларускамоўным беларусам - ён чалавек гета.

 

З чым быў звязаны перанос сталіцы з Навагрудка ў Вільні? І як было з моўным пытаннем – цяжка паверыць, што перанос сталіцы на 300 вёрст на поўнач змяніў беларускую мову на літоўскую?

Існавала некалькі чыннікаў. У Наваградку кіраваў вялікі князь Вітэнь. Па яго смерці сын Гедзімін, які сядзеў у Вільні і не жадаў адтуль з'язджаць. Іншы моцны чыннік у тым, што ў Наваградку няма ракі, да Нёмана 25 вёрст, таму гэта вельмі нязручнае месца для сталіцы.

Але Вільня і Навагрудак -- гэта актыўная зона балта-славянскага кантакту, тая тэрыторыя, дзе балты і славяне ўжо да гэтага часу прыкладна 300 гадоў як змяшаліся. Гэта і ёсць, калі карыстацца такім тэрмінам, цэнтральная зона беларускага народа. Менавіта гэты рэгіён даў першых князёў для ВКЛ, пачынаючы з Міндоўга. Правільней будзе сказаць, што Гедзімін не перанёс сталіцу, а яе перасунуў, так як усё было ў адной дзяржаве, на адной, самой галоўнай яго тэрыторыі. Карэнных змяненняў ад гэтага не адбылося.

Гістарычныя князі, пачынаючы з Міндоўга, усе былі з гэтай зоны, у якой гаварылі на той мове, якая зараз завецца беларускай. Як сапраўды мову тады называлі -- ніхто не ведае. У станаўленні ВКЛ удзельнічалі некалькі рэгіёнаў - Нальшча, Дайнова, Полаччына, Міншчына, Літва, Палессе. Пісьмовая мова прыйшла з царквой -- у дадзеным выпадку - кіеўскай, а не маскоўскай. А што такое «пачатковая русь» -- ніхто не можа вызначыць і сёння. Русь дала царкве канстанцінопальскую і старабалгарскую, а потым на працягу стагоддзяў у людзей праваслаўнай веры ўстанавілася звычка лічыць сваю веру грэцкай, а потым – рускай...

 

 

стар. 2
стар. 2
tarasau.com@gmail.com