У друку

marker"Брыгіткі". - Часопіс "Дзеяслоў", №26
(01/2007), Мінск.

 

Прэмия "Залаты апостраф" (2007, намінацыя "Проза") часопіса "Дзеяслоў" за аповеды "Брыгіткі" і "Нячутныя гукі самоты".

 

Рускі варыянт аповеда не публікаваўся.

 

 

 

 

Апошнія колькі гадоў я болей часу жыву на вёсцы, як некаторыя лічаць, – "на дачы". Хоць ніякая гэта не дача, а стары дамок з грубкай, які я набыў у знаёмага за пяцьсот даляраў, з невялікай сядзібай, засаджанай вішнямі. Мне тут утульна, бо ніякага бурлівага жыцця ў гэтай вёсцы няма. Яна не проста малая і неперспектыўная. Яна трымаецца толькі таму, што жыхарству ейнаму – чатыром бабкам і аднаму старому – бог даў моцнае здароўе. З павагі да высакародных метафар, можна абвясціць, што яны маюць місію захаваць родную мясціну яшчэ на дзесятак, дай божа, гадоў сярод вясковых паселішчаў, якія ўлічваюцца адміністрацыяй раённага маштабу.

Я маладзейшы за гэтых чатырох бабак і дзеда, хоць і не малады, і мне ў мае сталыя гады ўсё адно дзе жыць – я такі ж малаперспектыўны, як і яны, і гэтая вёска. Што ў гэтай вёсцы з паказальнай назвай Забалацце, што ў Парыжы – усюды мы ўжо аднолькава непатрэбныя. Наш час мінуў. Мы ў вачах маладзейшых падаткаплацельшчыкаў – няўміручыя паразіты на пенсійным фондзе. Мярную, гэткай жа думкі трымаецца і сацыяльная служба адміністрацыі, якую купка доўгажыхароў змушае непакоіцца пра штотыднёвы рэйс аўталаўкі і дастаўку пенсіі. Але на вёсцы нам ніхто і мы нікому не замінаем, тут няма тлуму, паветра чыстае, пануе супакойлівая ціша і меней падманлівых ілюзій. Бо вёска Забалацце – сапраўдны помнік зніклай гісторыі і культуры, мы жывем у заказніку, дзе засталіся невялічкія сляды былога калгаснага ладу. Новы аграпрагрэс сюды не зазіраў і не зазірне, бо бюджэт не мае грошы на дабрабыт неперспектыўных.

Ідзеш па вуліцы, бачыш на пакінутых, забітых хатах старыя аблезлыя шыльды з размытымі дажджамі чырвонай зоркай і паведамленнем: "Тут жыве ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны". А ніхто там не жыве: ні ўдзельнік, ні яго сям'я, хіба толькі мышы. Летам, праўда, некаторыя нежылыя двары ажываюць – з'язджаюцца ў родныя мясціны гарадскія нашчадкі тутэйшага жыхарства, прывозяць дзяцей "папраўляць здароўе". Тады на месяцы два, асабліва, калі лета цёплае, вяртаецца сюды тлум – машыны гудуць, дзеці гамоняць, у суботу цягне ўздоўж вёскі пахам шашлыка, і п'яную балбатню чуваць да паловы ночы. А з верасня, як выбяруць бульбу, дачны сезон, як кажуць, фініта, і зноў вяртаецца патрыярхальная ціша.

Мо, правільна было б, і мне пачасцей вяртацца ў горад, дзе можна болей зарабіць і часцей наведаць знаёмых. Але паразмаўляць з імі можна і па мабільніку. Як тыя бабкі, якім сваякі падаравалі мабільныя тэлефоны на ўсялякі выпадак, проста кажучы, каб ведаць ці жывыя яны, ці ўжо не. Ды і для бабак гэта важнае зранку пытанне; толькі прачнуцца, адразу найперш адна адной тэлефануюць: "Волька, ты як жывая?" – "Жывая, а ты?" – "Ну, не з таго ж свету званю!" – " Ну, слава богу!"

Ёсць мабільнік і ў мяне, ён мне неабходны для працы. Так што я маю ўсе падставы сядзець ля печы ўсю зіму. На мой густ, позняй восенню і зімой вясковая малалюднасць і сумны пейзаж спрыяюць творчасці, а калі якая завея, дык і наогул пануе атмасфера сярэднявечча, калі ў дадатак абарве ветрам дзе ў полі электрапровад.

Хоць у кожнай хаце сталых жыхарак Забалацця стаіць стары тэлевізар, але з восені да вясны збіраюцца ўсе на пасядзелкі да каго-небудзь аднаго – атрымоўваецца вясковы "чырвоны куток». Клубам-чытальней гэтыя сходкі не назавеш, бо галоўны занятак звязаны з тэлевізарам. Часта і я прыходжу з якім пачастункам. Сядзім чатыры бабкі, дзед Іван і я – "дачнік", глядзім тэлевізар і каментуем навіны: Буш балбоча, Пуцін балбоча, касмічны карабель ляціць на Марс з тэлекамерай на калёсах, цягнік у Кітаі сышоў пад адкос, а ў Саудаўскай Аравіі некаму галаву адсеклі за гандаль наркотыкамі. Дзе наша вясковая хата, дзе той наркотык, дзе кат з шабляй, дзе Кітай, дзе Буш і Пуцін, якія пра нас не ведаюць, – усе навіны гучаць, як з таго далёкага Марса. Ды мясцовай тэлевізіі няма, і мы, хоць і не ведае пра наш кут ніхто, акрамя сельскага савета, жадаем праз словы, пачутыя ад тэледыктаркі, прыляпіцца да жыцця планетнага маштабу. Бабка Наста любіць, калі пра Германію паказваюць, там яе ўнучка недзе вучыцца, бабка хоць і не ведае дзе і на каго, але ўважліва вывучае па тэлекарцінках германскія краявіды. У Насты – была дачка, ажэненая з пажарным капітанам, які задушыўся шкоднымі выкідамі пры тушэнні пласмасавага завода. Хутка гэтая ўдава ажанілася з іншым пажарнікам, а ён кінуў службу і з'ехаў з жонкай на вёску недзе на Віцебшчыне, разводзяць там нутрыяў, і сталі заможныя. І дачцы далі адукацыю –- навучалася ў інстытуце замежным мовам.

Неяк у навінах перадавалі пра нямецкія публічныя дамы, куды шмат трапляе сэкс-рабыняў з былых савецкіх рэспублік, асабліва з Беларусі і Украіны.

– Во, – ажывіўся Іван, – трэба мне, бабы, вас туды ў сэкс-рабства прадаць. Хоць сытыя будзеце ды пад душам памытыя.

– Гэта вы наваявалі такое шчасце, – кпіць з яго бабка Верка, – не іхніх сюды вязуць, а нашых туды, зноў, як у вайну…

– Не кажы, дзеўка, – аспрэчвае дзед, – тады на шахты везлі, а цяпер на самую адказную працу. Прагрэс!

– Наста, – пытае старую сяброўка Волька, – не баішся, што твая Анжэлка гэтак маркі там зарабляе?

– А чаго, Волька, баяцца? Хіба лепш тут сядзець з намі ў падмагіллі? Хоць жыццё пабачыць, усцешыцца.

Крыху ашаломленая такім бачаннем сітуацыі бабка Волька задумліва пагаджаецца:

– І тое праўда!

– Канешне, правільна, – рэагуе дзед Іван. – Чым тут нудзіцца, дык лепш з немцамі гуляць…

Бабка Наста ўступаецца за гонар унучкі: – Яна дзеўка хітрая. Пасябравала там з нейкім хлопцам, піша – будуць жаніцца.

– Вось нам радасць, – не супакойваецца падколваць Іван. – Наробяць гітлеранятаў. Будуць табе крычаць: "Бабка, млека. Хэндэ хох!"

– А нашы што закрычаць, – адказвае Наста. – "Гарэлкі, старая гадаўка!"

– Гэта так, – сумна ківае бабка Волька. – Вось, як наш Толік. Адно яму – «чарнілы»…

Пра ўнука Толіка бабку не распытваюць, бо балючая тэма – Толік той сядзіць за п'янае хуліганства, дасіджвае трэці год, увосень выйдзе. Ды і што яна можа ведаць.

– А малы быў такі добры і шчыры, усё карцінкі мне маляваў пра катоў і сабачак, – кажа Волька. – А пайшоў у ПТВ на бульдазерыста – пачаў жлукціць «чарнілы» і красцi з дурной галавы. Родны бацька радаваўся, калі пасадзілі, – гэтак дапёк.

Бацька яго Пётр Пятровіч – дальнабойшчык, возіць у Францыю каніну. На лета ён таксама прывозіць да бабкі Волькі жонку і дачку, і сам часам наязджае да маці. Волька хваліцца, што сын добра зарабляе на перавозцы каніны, і нават крыху мову вывучыў французскую, каб там не падманулі з дакументамі і грашыма. І жыў бы шчасліва, ды Толік – ягоная бяда.

– Твая праўда, дзеўка, – мусіць пагадзіцца Іван. – Нашым малако без гарэлкі ў горла не ўлезе…

Іван, хоць і любіць часам пакасіць пад дурня, але стары самастойны, ёсць у яго нешта некшталт боскай канцэпцыi, ходзіць у касцёл за сем вёрст. Даўным даўно, яшчэ пры Сталіне, паставілі яго ў калгасныя брыгадзіры, бо ў войску выслужыў дзве лычкі, быў перадавік, выступаў з палітінфармацыямі. Бабкі часта кпяць, прыгадваючы яго прамовы: «Дело товарища Сталина живет и побеждает! Отсечем руки поджигателям войны! Мы – авангард человечества, ведем его к светлому будущему!» Бабка Наста кажа, што ўсе слухалі ды памоўквалі, як у касцёле, нібыта чулі малітву, бо прамаўляў на ўзнёслай партыйнай мове: "Таварышы калгаснікі, партыя бачыць! Партыя патрабуе…" Цяпер, калі Іван ідзе па вуліцы ўздоўж пазакінутых двароў, пасмейваецца, што іх калгас вёў чалавецтва да светлай будучыні, і з самога сябе: «А што я ведаў, усе гэтак брахалі, што мы лепш за ўсіх жывем і ўсіх перагонім!»

У Івана ў горадзе ёсць сын – доктар, на вёсцы яго памятаюць як Жорку, а цяпер багатых талстуноў голадам лечыць, а калі прыязджае часам да бацькі, дык старыя звяртаюцца паважліва: «Георгий Иванавич". Яго дачка, Іванава ўнучка, Каця – робіць бугалтаркай пры нейкай фірме, добра там зарабляе, а гэты былы Жорка наогул хутка будзе мільянер, бо лячэбнае галаданне надта дорага каштуе, не кожны можа сабе дазволіць нічога не есці дваццаць дзён запар, а потым тры тыдні піць сок з ананасаў.

Гадоў колькі таму, калі мяне выкінулі з працы па скарачэнні кадраў, прыяцель пазнаёміў мяне с ксяндзом, які прапанаваў стварыць у інтэрнэт-прасторы віртуальны езуіцкі калегіюм і кляштар, узарваны ў савецкі час. Вось так зноў спатрэбілася мая дызайнерская прафесія.

З уласнай ініцыятывы я дадаў да адноўленага будынка бязлiтасны раздзел «Рашэнне ЦК КПБ», у якім магчыма было паглядзець працэс рашучага знішчэння ксянзоўскага гняздоўя ў 1961 годзе. І нават у ім паўдзельнічаць разам с сапёрамі – закладаць выбуховыя шашкі, потым націснуць на Enter, і глядзець, як гмах разбураецца, калона самазвалаў вывозіць зруйнаваныя муры ў балота. Як ні дзіўна, гэтае заданне, якое можна было адмовіцца выконваць, за што налічваліся балы, выканалі амаль усе наведвальнікі сайта, апроч двух. Ёсць у чалавечай прыродзе нешта такое цёмнае і таямнічае, што лепей было б не ведаць, бо робіцца надта няўтульна ад патэнцыі бяды…

А потым аднаго дня залефанаваў мне незнаёмы і прапанаваў сустрэчу – маўляў, мае цікавую прапанову, паколькі глядзеў мой сайт пра былы езуіцкі прытулак. Мы сустрэліся. Ен назваўся – Віктар. Без прозвішча. Займаецца бізнесам, Я пацікавіўся якім. Гандаль – неакрэслена адказаў Віктар. Яму было гадоў трыццаць. Я прыкмеціў, што ён прыехаў на джыпе. Не губляючы часу, ён сказаў , што сайт яму падабаўся, і ён гатовы прафінансаць стварэнне камп'ютарнай гульні «Адрадзі сваю радзіму». Прыкладам, замак у Наваградку разбураны, толькі руіны стаяць, а ў гульні можна яго ва ўсёй велічы адбудаваць. Карысна для дзяцей. І ўсе іншыя гістарычна значныя пабудовы. А ўсялякую архітэктурную дрэнь бальшавіцкага перыяду наадварот пусціць з дымам, як тое ЦК зрабіла з манастыром.

Не надта, зразумела, цікавы занятак, бо ўсё гэта будынкі, а ў мяне няма пашаны да камянёў, не верыцца мне, што старыя гмахi нешта там ведаюць з мінулага жыцця, зберагаюць памяць пра даўніх герояў і нягоднікаў. Варта паглядзець навокал, каб пераканацца, як адроджанае рэстаўратарамі пераходзіць да нейкіх нуварышаў ці фармалізуецца службоўцамі міністэрства культуры, ці служыць "прэстыжу" вышэйшага чынавенства на іхных уікэндах. Ды звычайная справа - патрэбны грошы, і вось я паціху корпаюся – што аднаўляю, што руйную з дапамогай бульдозераў. Віртуальна, зразумела. Праца як праца, без захаплення, нуда, але ўсё ж лепш, чым на заказ рабіць рэкламу пра мэблю і пральныя сродкі.

Каб не загразнуць у аднастайнасці "Адраджэння сваёй радзімы", прыйшла мне ў галаву лепшая ідэя: зрабіць сайт пра існуючых у грамадстве и зусім непрыкметных людзей. Гэта значыць, яны жывыя, але іх нібыта няма, ніхто на іх не зважае. Адны – сядзяць у хатах па ўзросце, іншыя зачыніліся ад грамадскага глупства па вартасцях характару, а ў іншых лёс самотны, усім не да іх.

І я прапанаваў свайму мецэнату стварыць азнаямляльны сайт пад назвай «Кляштар брыгітак». Цікава было, што ў брыгіцкім манастыры жывуць і брыгіткі, і брыгіты, зразумела, у розных карпусах – адны з левага боку касцёла, другія – з правага. Болей у ніякай царкве і ў ніякім ордэне гэтага не дазвалялася. А святая Брыгіта прыдумала статут вельмі дабразычлівы – не кляштар, а сямейны дом.

Атрымалася даволі занятная гульня ці, дакладна кажучы, сайт. Пры некалькіх маіх манахах – цэлая парафія, шмат наведвальнікаў, можа, чалавек чатырыста, можа, пяцьсот. Паколькі я мушу нарошчваць розныя меладратычныя элементы, дык атрымоўваю за гэта штомесячны ганарар. Хто пажадае, можа паглядзець (http://www.brygitkliasztar.org)/ www.brygita.org). Увесь касцёл месціцца у памяці майго натбука, мабільнік дазваляе перадаваць любую інфармацыю. Толькі за ганарарам прыходзіцца ездзіць, бо пераводзіць грошы на рахунак мой працадавец адмовіўся, каб не патрапіць на фіскальнае вока.

Варта трохі сказаць пра гэтую Брыгіту, каб было зразумела, чаму я столькі часу праводжу ў паўзабытай усімі, як той самы ордэн, вёсцы. Гэтая святая Брыгіта нарадзілася ў шведскай каралеўскай сям'і. Рана выйшла замуж за нейкага прынца, мела з iм васьмёра дзяцей. Потым муж памёр, а было ёй тады сорак гадоў, прымроілася ёй Сьвятая Дзева, якая сказала, што Брыгіта павінна заснаваць манастыр. Яна паслухалася і заснавала жаночы ордэн, які пераняў назву ад яе імя. У манастыры брыгітак прымалі, як я казаў, і мужчынаў, і жанчын. Сьвятая Брыгіта зьбірала травы і вучыла гэтаму манашак, гатавала розныя лекі для хворых беднякоў. А брыгіткі і брыгіты навучалі грамаце простых сялянаў. Апраналася яна гэтак: чорныя манаскія шаты і белая накідка на галаву – апостальнік. А на лобе была павязаная чырваная стужачка – як сімвал шнара, што пакінуў на чале Збавіцеля цярновы вянец. Прылічылі яе да ліку сьвятых у 1391 го дзе. Манастыроў брыгітак ня надта многа, адзіны на ўсю Усходнюю Еўропу быў заснаваны без малога чатыры стагоддзі назад у Гародні. У 1950 годзе касьцёл зачынілі, брыгітак выставілі, як мяне з працы, а манастыр пераабсталявалі ў псіхдыспансер са стацыянарным аддзяленьнем. Яго акаляў стары мур за тры метры вышыні, не пераскочыш, хоць бы і вар'ят, яшчэ і дрот калючы зьверху прыладавалі, каб і мары не было ўцякаць.

Дык вось менавіта што, магу прызнацца, спрычынілася да майго жаданьня адрадзіць вiртуальны брыгіцкі кляштар: калі ў нашым Забалацьці старыя бабкі зьбіраюцца на свае бяседы, яны ўсе ў цёмных сукенках і белых хустачках – сапраўдныя брыгіткі. Толькі стужачак ня маюць. Але гэта ня так істотна. I брыгiт ёсьць пры iх, як ў старадаўнiх манастырах.

Ну і займела значэньне яшчэ адна акалічнасьць. Начытаўшыся пра езуітаў і картузаў, пазбавіўся я цікавасьці да іхніх таямніцаў. Неяк сурова яны ставіліся да людзей і саміх сябе, як тыя кібаргі з сучасных баевікоў. Асабліва ўразілі мяне ступені, па якіх яны караскаліся ў манаства. У ордэнах з жорсткай дысцыплінай – цыстэрыянцаў, кармелітаў і, натуральна, езуiтаў, ня кажучы ўжо пра картузаў, – пасьля папярэдняга экзамену навіцый мусіў два гады прарабіць у шпіталі ці зьдзейсьніць паломніцтва, просячы міластыню. Гэта была першая экзаменацыя. Затым быў перыяд навучаньня багаслоўю ды сумежным навукам – прэтэндэнт станавіўся схаластыкам (другая экзаменацыя). Потым з ліку схаластыкаў адбіраліся асобы для гадавога навіцыяту (трэцяя экзаменацыя) – тэрцыары, якія затым у залежнасьці ад выяўленых здольнасьцяў маглі стаць чальцамі двух наступных ступеняў – каад'ютараў (памочнікаў) і прафесаў, якія прымалі тры звычайныя манашскія абеты (прафесы) – цнатлівасьці, беднасьці і паслухмянасьці. З апошніх абіраліся потым "прафесы чацьвёртага абету" – колькасна абмежаваная эліта ордэну – якія прыносілі абет асабовага паслухмянства папе. Ну, і ўявіце сабе, што чалавечага заставалася ў такой элітарнай асобы? Але, зразумела, ёсьць і сучасныя ахвотнікі прабівацца ў прафесы чацьвёртага абету, таму для такіх аматараў я ўсе гэтыя экзаменацыі пакінуў – няхай дасягаюць віртуальнай дасканаласьці.

А для звычайных людзей разнаполыя насельнікі кляштару – ужо немалая інтрыга: прырода пераважыць над іх розумам ці яны перамогуць прыроду?

Падняўшы гмахі карпусоў, я пасяліў у кляштары некалькі брыгітак і брыгітаў – яны моляцца, робяць добрыя справы, часам грэшныя, чытаюць кнігі, дзеляцца думкамі, трымаюць пост і ходзяць да гвардыянкі спавядацца.

Зразумела, што ўсе чатыры бабкі і дзед Іван увайшлі ў кляшторны штат і маюць манашскія імёны – сястра Волька, сястра Верка, сястра Наста, сястра Лена, брат Іван. Ёсьць яшчэ кульгавы вартаўнік брат Міхал. Па начах ён ходзіць па двары, пільнуе лямус.

Гэты брыгіт таксама не з дабра прыдуманы. Калі я вучыўся ў дзясятым класе, была ў нас ваенная падрыхтоўка, якую вёў маёр-танкіст у адстаўцы, а можа ён быў звольнены як інвалід, бо быў кульгавы, мы жартавалі, што пэўна яму танк наехаў на нагу. Звалі яго Міхаіл Пятровіч. Дзякуючы гэтаму чалавеку, страціў я дзіцячыя мары пра вайсковую службу. Пры школе, у падвальным бомбасховішчы быў цір, мы спускаліся туды на "практычныя заняткі" – разьбіралі і зьбіралі затвор старой вінтоўкі-трохлінейкі, а потым стралялі з малакаліберкі ў мішэнь. І вось на адным з такіх заняткаў, якія маёр пачынаў з вясёлых гісторыяў, ён распавёў нам анекдот, ці як ён акрэсьліў – загадку: "Як на чорным фоне зрабіць чырвоным колерам белую пляму?" Усе задумаліся, і ніхто не знайшоў рашэньня. Тады маёр радасным голасам адкрыў сакрэт: "Трэба засунуць у задніцу негру радыску і адкусіць!" І задаволены гучна зарагатаў, запрашаючы ўсю групу дзесяцікласьнікаў ацаніць казармавы жарт. Сапраўды пад ягоным позіркам усе засьмяяліся, але вымучаным, нейкім авечым сьмехам, толькі двое найбольш адораных пачуцьцём вайсковага гумару – дарэчы абодва потым пайшлі ў афіцэры, – зарагаталі. Астатнія былі засмучоныя, бо, відаць, уявілі, як выконваецца гэтакі мудрагелісты фокус. А я, калі прыйшоў выклік у ваенкамат, узгадаў анекдот маёра, і так мне не захацелася ў казарму, што я зрабіў усё неабходнае, каб не пайсьці. Пасьля выпускных іспытаў паехаў маёр з нашым класам за горад, на разьвітальны абед каля возера. Дзень быў сьпякотны, усе разьдзеліся, палезьлі ў ваду. Тут толькі мы ўбачылі, што ў маёра левы бок і нага абгарэлыя – гарэў у танку. Цяпер шкадуючы яго за перанесеныя на гэтым сьвеце пакуты, ня мог я не прыняць яго ў брыгіты.

Галоўная мая бяда, што мне бракуе таленту жывапісца, усе мае персанажы зьнешне падобныя, як тыя ніндзя ці салдаты з дзіцячых забаўляльных гульняў. Хоць нейкія адметнасьці сёстрам і братам я імкнуся надаць. Брат Міхал пільнуе двор з сабачкам. Брат Фелікс – таўстун, але шпаркі. Імя Фелікс азначае шчасьлівы. Ходзячы па адрасах гульні, брат Фелікс прапаведуе іншым разам такія думкі, за якія пракуратар кляштару – а гэтую пасаду я даручыў сястры Верцы – накладае на яго пакараньні ў выглядзе пасту ці малітвы, ці нават бічаваньня. Як ні дзіўна, сярод наведвальнікаў сайту шмат людзей наўмысна робяць памылкі, каб паглядзець, як вінаваты брат Фелікс сьцябае сябе бізуном. Брат Іван – нетаропкі i гаспадарлівы, ён у кляштары – каад'ютар, гэта значыць памочнік гвардыяна. Бо я ўлічыў яго брыгадзірскі калгасны вопыт і частыя паходы ў касьцёл.

Магчымасьці ў кампутараў зараз шырокія, і мы вырашылі агучыць некаторыя споведзі брыгітак і брыгітаў. Акцёры ўпэўненыя, што гэта запісаная на стужку няпраўда, хоць усе яны – плён маёй апрацоўкі жыцьцёвых гісторыяў, якія я пачуў на пасядзелках каля тэлевізару.

Дзед Іван неяк узгадаў, што адразу пасьля вайны служыў у Заходняй Украіне і забіў бандэраўца. За што атрымаў дзьве лычкі. Стаяў на пасту на ўскрайку гораду Лукава, прыкмеціў на дарозе чалавека, закрычаў «Стой!» Той пабег, Іван стрэліў – і трапна – напавал.

А цяпер той нябожчык яму сьніцца, бо невядома ці бандыт быў, ці які дробны злодзей, ці проста напужаўся крыку. «Іншай ноччу доўга яго бачу, – кажа Іван. – Стаіць перад вачыма. І чую як нехта па ім плача. Можа, матка».

Лепш ня ведаць чужыя таямніцы, з якімі з ночы ў ноч разьбіраецца чалавек, шукаючы і не знаходзячы супакаеньня. Вось i ў гульні брат Іван часам спавядаецца і просіць дараваньня…

Хоць усё памятнае старое ня мае доўгай персьпектывы i разьлiчанае на адно жыцьцё, як сама вёска Забалацьце, дзе ў зімовыя вечары чатыры бабкі і дзед Іван пераказваюць успаміны са свайго страчанага ў калгасе жыцьця. Каб болей было на вёсцы людзей, можна і не дзяліцца б згадкамі, а калі жыцьцё выкінула абыякавай хваляй, як на незаселены востраў, з якога ніхто не ўратуе, дык споведзі – як уратаваньне. Можа, бог пачуе і даруе яшчэ якую радасьць, няхай толькі б да лета дажыць і яшчэ раз убачыць сыноў, дачок і ўнукаў.

Сын бабкі Веркі выйшаў у людзі, цяпер ён адзін з каралёў на прадуктовым рынку, яго фірма "Балтыйскі селядзец" часта рэкламуе свае кансервы па тэлевізары. Чалавек ён неблагі, але на вёску наязджае зрэдку, бо жонка ня любіць вясковую культуру, не падабаецца ёй, што прыбіральня за хляўком, і там шчыліны і скразьняк, а ў яе рэўматызм. Яна заслужаная настаўніца рускай літаратуры, уся надта ўзьнёслая, рамантычная ад вершаў Пушкіна і Ясеніна, а ў Забалацьці няма аматараў паэзіі, усе нейкія прыземленыя, любяць вясковыя песьні, а рамансаў на словы Пушкіна нават мелодыю не напяюць. Па-праўдзе, ня надта мне ў такую вытанчанасьць і амбітнасьць верыцца. Мяркую, яна так прыкрываецца ад сваёй самоты, сямейнага няшчасьця, і ня хоча прыязджаць на вёску з-за сына. Яму дваццаць пяць, а ён невылечна захварэў на галаву. Ладны дзяцюк, рослы, дужы, але дзівак. Завуць яго Валера. Кажуць, быў вельмі здольны да навукі, але на трэцім курсе перавучыўся і пачаў пужаць людзей сваімі паводзінамі.

Неяк ён пражыў у бабкі Веркі тыдзень. Бацька прывёз – рыбу палавіць на возеры, у лес па маліны з ім хадзіў. А ў таго Валеры ахвоты лавіць рыбу і зьбіраць маліны і блізка няма. Я што, кажа бацьку, табе кот ці мядзьведзь? Ты, пытаецца, мяне з імі ня зблытаў? А бацька кажа – прабач, сынок. Баіцца яго нерваваць. Бо Валера звыкся ў горадзе бутэлькі зьбіраць, дык бяз гэтага занятку проста злуе, псіхіка яго не вытрымлівае збою заняткаў, нуднага сядзеньня на беразе з вудай. Вось ён ходзіць па вёсцы і выпрошвае ў бабак бутэльку. А дзе на вёсцы здасi, калі нават знойдзеш ці выклянчыш? Дык бацька дамовіўся з дзедам Іванам, што той у сваёй хаце будзе разыгрываць з сябе прыёмшчыка шклатары, даў грошы на аплату. Праз два дні Валера ўчыніў скандал дзеду Івану, што той парушае графік прыёмкі шкла, паабяцаў разьнесьці яго прыёмны пункт к чортавай мацеры, і няхай яго саджаюць. Іван нарэшце даўмеўся павесіць аб'яву: "Пункт зачынены на капітальны рамонт". Тады бацька з маці прыехалі і забралі Валеру, бо той стаў агрэсіўны з-за немагчымасьці звычна хадзіць па закавулках, вышукваючы бутэлькі ў сьметніцах.

Вось як бывае. У кожнага ёсьць нейкая драма. Прыгожы нарадзіўся хлапец, ды вось прычапілася да яго шыза, і згрызае. Ці лёгка бацькам і бабцы думаць, як ён свой век пражыве? Цяпер і Валера патрапіў у мой брыгіцкі кляштар – у ім ён малады манах брат Валер'ян, якога цягне на прыгоды. Яго гісторыя ў гульні такая: манаху-брыгіту захацелася пачаставацца грушамi ў прыватным садзе, ён туды залез, трасе дрэва, а сабака, злосны, як той баскервільскі монстр, разьлютаваўся, бяжыць парваць злодзея на шматкі. Манах узьлез на павець, сабака скочыў за ім, манах – скочыў уніз, а там ляжала дошка з цьвікамі. Так брыгіт ступнёй на цьвік і надзеўся. Ржавы цьвік тырчэў з раны на дзесяць сантыметраў. Баючыся страшыдла, ён ададраў дошку ад нагі і пабег, ды так хутка, што сабака змарыўся і адстаў. Толькі знак у манаха застаўся. Яму казалі пазьней, што падобны на стыгматы Госпада нашага і паважалі, што так перажываў пакуты Хрыста, што той яго ўпадобіў гэткім адметным знакам. А гэты малады брыгіт раскайваўся і біўся ілбом аб каменную падлогу сваёй каморкі.

У сярэдзіне верасьня да бабкі Волькі нечакана прыехаў Толік, нарэшце выпусьцілі яго з калоніі. "А схуднеў там, – шкадавалі яго бабкі. – Вядома, турма, не пакормяць ды яшчэ і старыя катаржнікі ўсё адбяруць". І насілі пачастунак для ўнука.

Толькі вось вочы ў яго былі нейкія непраглядныя, бы нiкога не хацеў дапусьціць да сябе, да сваiх трох гадоў, адбытых у калонii. Можа, там яму i нядобра было, лепш бы там нi аднога дня не прабыць – тармазоў яму вiдочна не хапала, аб тармазах год за годам памятаць – з глузду зьехаць.

Праз два дні па Толікавым прыезьдзе дзед Іван выпрасiў на фермы каня – прывезьці камяні на новы ганак. На што яму быў патрэбен новы ганак, i сам потым ня здужаў растлумачыць. Было далёка за поўдзень, калi дзед Iван высыпаў на панадворку поўны воз i вырашыў даць сабе i каню адпачынак. Закiнуўшы лейцы на штыкецiну, сам зайшоў у хату. Нiшто каню не пагражала, апроч усяго, ён быў запрэжаны, ня мог куды ўлезьцi, ва ўсіх на вiдавоку. Я таго каня бачыў з кворткi. Раптам да каня падышоў Толiк, доўга паглядаў, быццам думаў, што такое ўтварыць, а можа што iншае думаў, потым узяў лейцы i павёў да канца вулiцы – там пачынаецца доўгi зьвiлiсты шлях па крутым пагорку. Куды Толiку на кані ехаць – зразумела, па камянi! Але ад'ехаўшы, Толік стаў на возе ў поўны рост і пагнаў каня.

На вулiцу выскачыў дзед Iван. «Што ты робіш! – закрычаў зьбянтэжала ў поўны голас. – Каня загубіш!». Я таксама вызiрнуў – загубiць Толiк каня цi не? Дарога ішла згары, Толік махаў над конскім задам пугай, конь паімчаў, усе разам паверылi, што для каня гэта прагулянка дабром ня скончыцца. Раптам нібыта спружына выкінула Толiка з возу ў паветра – было бачна як ягонае цела апісала дугу і плазам упала на зямлю. Конь праімчаў яшчэ колькі метраў і спыніўся. Мы ж кінуліся да Толіка. Ён быў ужо нежывы.

Са свайго мабільніка я затэлефанаваў у раённую міліцыю: забіўся хлопец – што рабіць? Там адрэагавалі – нічога не рабіць, хутка прыедзем. Галосячы, бабка Волька сказала Iвану дазваніцца да сына. Iван дазваніўся. Сувязь была кепская. Бацька дрэнна чуў, а рэагаваў вельмі дзіўна: "Што, Толік у вас? ". Iван кажа, што мы толькі што званілі ў міліцыю. А ён: "Алё! Алё! Што, зноў міліцыя? Алё! Прыеду».

Міліцыя прыехала раней, склалі пратакол. Прыехалі бацькі, і была ў Забалацьці жалоба. На памінках бабка Волька плакала перад усімi:

– Не адплаканая я Толікам. Перажыла яго. Грэх нейкі на мне перад ім, а якi – ня ведаю.
Бабка Волька перастала хадзіць на пасядзелкі, сядзіць дома каля печы і глядзіць у полымя. Ці проста за дзьверцы, на выгарэлы попел. А што там? А там нічога. Бо нічога наперадзе. Цемра непраглядная. Уласна кажучы, і не глядзела яна на попел, а страчвала сваё цяпло разам ім. Можа і ёй хацелася ў гэтую цемру, каб недзе там у таямнічым сьвеце сустрэць свайго Толіка: ён будзе маляваць ёй карцінкі пра катоў і сабачак, а яна шкадаваць яго і лашчыць…

А я сядзеў за сваім нотбукам і прымаў у мужчынскі корпус кляштару на вечныя часы Толіка – стаў ён братам Анатолем.

Бабка Волька перастала хадзіць на пасядзелкі, сядзіць дома каля печы і глядзіць ў полымя. Ці проста на дзверцы, на выгарэлы попел. А што там? А там нічога. Бо нічога наперадзе. Цемра непраглядная. Уласна кажучы і не глядзела на попел, а страчвала сваё цяпло разам ім. Можа і хацелася ў гэтую цемру, каб недзе там у таямнічым свеце сустрэць свайго Толіка, ён будзе маляваць ёй карцінкі пра катоў і сабачак, а яна яго шкадаваць і лашчыць. Там ёй з ім будзе добра, без спакусаў, пакутаў і расчараванняў.

 

 

""
annetarasovoi@gmail.com