Аўтабіяграфічныя нататкі "Ветах" напісаны па-руску, за выключэннем дзвух прыведзеных запісаў.

 

У друку

"" "Кастусь Тарасаў". - Мінск, Кнігазбор", 2012 (урыўкі ў складзе зборника, пер. з рас.).

 

На расейскай мове нататкі не друкаваліся.

 

 

 

 

"На вайне"

10 сакавіка 2009 года паведаміла Паліна, што выйшаў "Дзеяслоў" з аповесьцю "На вайне". Ніякіх пачуццяў гэта не выклікала. Наогул, першы раз напісаў пра выданне свайго твора. Але чаму гэта не выклікала ніякіх пачуццяў? Падобна на тое, што кніжнае жыццё мне абрыдла. Адзінае, дзеля чаго варта жыць, - унук Гнатка і ўнучка Танюшка.

 

Сон і Кара

Звычайна мне сняцца банальныя сны, якія бессэнсоўна трымаць у памяці і тым болей шукаць у іх нейкія добрыя ці нядобрыя прадбачанні на будучыню. Ніхто апроч нас саміх пра нашу будучыню не паклапоціцца. Зрэдку мая падсвядомасць нараджае вобразы прароцка-выкрывальнага зместу, на адбітках непадпарадкаванай мне начной ірацыяльнай творчасці маёй галавы я прымушаны разглядаць тыя пазнакі пра сябе, якія не хацелася б мне ведаць.

Нядаўна прысніўся мне гэтакі сон; ён уразіў мяне, застаўся ў памяці і трывожыць маю свядомасць. Прысніўся ён ў сумную гадзіну жыцця і, відаць, таму быў насычаны нейкай змрочнай сімволікай. Памятаю, я прачнуўся ад пачуцця жаху, і ўжо наяве некалькі разоў бачыў тое ж, што адбывалася ў сне. А можа сон шматкроць паўтарыўся…

Сон быў такі. Выцягнуты, турэмнай архітэктуры, кабінет, а ў ім група людзей, сярод іх я. Мы ўсе сумныя, пахмурныя, мітусліва ходзім па кабінету, але ў гэтым руху адчуваецца фальшывая дзелавітасць, і калі што гаворым - хлусім адзін аднаму, бо кожны ведае, што аб'яднаны мы справай, якой наканавана няўдача. Усе людзі ў кабінеце мае знаёмыя, прыяцелі з даўняга часу, тыя, каго называюць сябрамі, з кім збіраліся непарыўна прайсці разам праз жыццё. Нам трэба ўслых сказаць "Крах!", але сказаць "Крах!" раўназначна нашай неадкладнай гібелі. Калі хоць нехта прамовіць гэтае слова, яно стане прысудным - усе мы імгненна знікнем, як чэрці ад першага спеву пеўня. Таму усе ў душы нацэліліся хлусіць і фальшыва мітусіцца, і гутарка наша тэатральна-пафасная - бо мы самі і публіка, мы нешта выкрыкваем пра ўпартасць, мужнасць, удачу, але гэтае выратавальная хлусня робіць нас усіх глыбока няшчаснымі.

Пачуццё бяды, непазбежнасці краха напаўняла ў сне цела, і кроў біла ў скроні: "крах", "крах", "крах", а казалі, і я казаў уголас: "Трэба верыць, працаваць, спадзявацца. Все ўладкуецца. Гэта проста чорная паласа. Мы яе перакрочым".

І ўсе ведаем, што дарэмна верыць, працаваць, спадзявацца, і нічога ўжо не ўладкуецца, і не перакрочым, можа толькі хто адзін, і той пры выпадку нейкай здрады. І стала надта страшна, што даведалі пра галоўную тайну свайго жыцця і што зараз смяротнае слова зляціць з языка і нейкі выбух ператворыць нас у пыл, што я прачнуўся і доўгі час нерухома ляжаў, як у полі ляжаць забітыя трапным стрэлам…

Узгадваючы гэты сон, я імкнуўся растлумачыць яго ў цьмяных высокіх сімвалах, каб узнікла абароненасць хоць нейкай магіяй ці чыёсьці вышняй задумай. І растлумачыў сабе сон гэтакімі сімваламі. Гэтак пазначаны вытанчаныя здзекі Кары. Салодкімі банальнымі снамі Кара закалыхвае нашу насцярожанасць. А потым насылае бязлітасны сон шчырасці, сон без ілюзіяў. Калі прачынаешся пасля такіх сноў смерці, дык дзівуеш, што сэрца па помслівым разліку Кары не разарвалася на кавалкі, а наадварот нібы і адпачыла - так на допытах паўжывога адліваюць вадой, дамагаючыся прызнання. Кара быццам бы нічога і не дамагаецца, ды і чаго ёй дамагацца, яна ўсё ведае, яна ведае і тое, у чым я сам сабе не хачу прызнавацца, што падазраю ў сабе як найгоршую загану, але не хачу называць словамі, бо гэта і будзе спраўджаны прызнаны "крах".

Хто такая Кара? Кара - багіня катавання душы. Працуе яна з поспехам. Калі я ў яе на допыце - я хутка губляю ахвоту жыць. Ахвота жыць выцякае струменьчыкам, як выцякае цукар з дзіравага пакета ў руках старой бабулькі па дарозе дадому з прадуктовай крамы. У хаце старая дзівіцца, што пакет пусты і пачынае плакаць. Аб чым яна плача? Плача яна, што знемоглая і сляпая, што цукар уцёк ад яе праз непрыкметную дзірачку, і жыццё гэтаксама працякло, а засталася дзіравая абалонка, у якой нічога няма. Для старой пусты пакет - пазнака яе непатрэбнасці на гэтым свеце.

Вось і я адчуваю, што ва мне з'явілася цеча: усё, чым я намагаюся яе заткнуць, - розныя развагі пра загадкавасць лёсу ды аналогіі з чужымі бедствамі - усё вывальваецца, адрываецца, выклікаючы боль. Гэтая незакрытая ранка, як адтуліна ў пясочным гадзінніку, але мой гадзіннік разлічаны на аднаразавае выкарыстанне: верхняя колбачка - быццё, ніжняя - небыццё, і з верхняй у бездань ніжняй выцякае самае каштоўнае - воля і радасць. А перагарнуць такі гадзіннік немагчыма, ён сам спыняецца - калі наверсе не застаецца пяску.

І ўсе людзі, якія былі разам са мной у тым турэмным кабінеце, усе з такой непрыкметнай дзіркай у душы. Шмат нас там было. Толькі двух не было са старога нашага гурта - адзін рана памёр, другі рана трагічна загінуў. А мы ўсе, што яшчэ не памерлі і не загінулі, баяліся вымавіць конавае слова і прыкідваліся заклапочанымі, каб стварыць бачнасць напругі, працы, барацьбы "за годнае існаванне". Так гэта цяпер называюць…

 

 

 

 

""
tarasau.com@gmail.com