Беларускі варыянт аповесці не публікаваўся. На сайце прыведзены фрагмент з рукапісу.

 

 

На рускай мове чытаць

marker "Единственный свидетель - Бог". — Минск, «Крок уперад», 1991 (у зборніку аповесцяў пад назвай "Стая ворон над гостинцем").

"" "Золотая горка". - Минск, "Лекция", 1998 (у зборніку аповесцяў пад назвай "Черный шлях").

 

 

Па матывах аповесці драматург Аляксей Дудараў стварыў п'есу "Ядвіга" (пастаноўка - рэж. В. Раеўскі, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Мінск, 2008).

 

 

 

 

 

 

 

У нашых старадаўніх судовых дакументах ёсць некалькі згадак пра суддзю Ваньковіча, хоць хутчэй, відаць, ён быў возны, гэта значыць вышукваў і прывозіў злачынцаў на княжацкі суд, можа і сам калі, змушаны абставінамі, меўся выносіць смяротны прысуд. Найбольш слынную справу правёў ён у Ашмянскім павеце, стагоддзі захоўвалася памяць аб ёй у паданнях тутэйшага люду.

А пачалася гэтая жахлівая гісторыя, як засведчыў тагачасны судовы натарый, у 1501 годзе, калі аб'явілася ў Ашмянскім павеце злачынная шайка. Хапала тут збояў і да яе, і прыблудных, і мясцовых, паколькі кожны другі гаспадар лічыў не толькі за права, але за абавязак абадраць на бальшаку падарожнага ці ездака, хоць бы світку з яго зняць, калі не меў пры сабе грошай. Аднак новая зграя рознілася ад іншых рабаўнікоў звярынай лютасцю. Рэдкі месяц абыходзіўся цяпер без жорсткага забойства. Літасці разбойнікі не мелі, аднолькава вешалі на дубах багатага пана і згаладалага пагарэльца, старую і маладзіцу. Груганы, маючы штотыдзень такі крывавы пачастунак, аблюбавалі віленскі шлях ад Ашмянскага замка да Медніцкага, рассяліўшыся хеўрамі на дрэвах ўздоўж усяго гасцінца. Праз два гады старая ўтульная дарога набыла новую пагрозлівую назву – Чорны, ці Разбойніцкі шлях, якая і ўвашла ў звычны спажытак, бо чорнымі хмарамі віселі над дарогай зграі выгадаваных на чалавечыне варон. Шляхта зачынялася па дварах, лютыя ваўкарэзы каштавалі болей за карову. Але і агароджаная шчыльным палісадам сядзіба з тузінам псоў часцяком не абараняла ад нападу крывасмокаў. Калі збоі рабавалі ўгледжаны двор, усе яго насельнікі пазбаўляліся жыцця, быццам смяротныя пакуты людзей прыносілі бойлам радасць і асалоду. Зімой жыццё прыспакойвалася, але як толькі сыходзіў снег, зелянела рунь, выходзіла на атаву скаціна, шайка зноў абвяшчала пра сябе жахлівымі забойствамі.

Неадступны страх – вось галоўнае пачуццё з якім ашмянскія насельнікі жылі з 1501 па 1507 год. Часы гэтыя былі адзначаны для ўсяго Віленскага ваяводства войнамі з маскоўцамі, наездамі крымскіх загонаў, якія ахвоціліся на дзяўчат і маладых жанок, асабліва блакітнавокіх і залатавалосых - лепшы тавар для Бахчысарая. У дадатак да такіх бедстаў іншаземнага паходжання, на ашмянскім абшары лютавала і свая, магчыма, горшая, паколькі разбойнікі ў палон нікога не бралі і нават красунь не ўводзілі на продаж, а ўсім аддзялялі душу ад цела, нібыта мелі д'ябальскае даручэнне ачысціць павет ад чалавечай прысутнасці. У Вільню да Яго міласьці вялікага князя Аляксандра ручаём цяклі слёзныя скаргі і просьбы аб абароне. Таямнічасць шайкі нарадзіла погалас аб прывідах, вісельніках, ваўкадлаках, пачутыя на ноч, гэтыя амшянскія апавяды адымалі сон і ў мужных людзей. Ды і як было не пужацца: забітымі поўніліся могілкі, а забойцаў ніхто не бачыў. А нішто так не страшыць, як невядомае. Хоць кожны і разумее, што адзіны вораг чалавеку – іншы чалавек, ды ў прыцемкі і начныя гадзіны, калі глядзіць на нас месяц, вораг уяўляецца ў розных лічынах – бо калі ёсць на свеце маскавіты, то чаму не можа быць воўкадлакаў? Князь Аляксандр прызначыў узнагароду за знішчэнне збояў, паступова яна ўзнялася да ашаламляльнай вялічыні – дзве капы залатых манет. Суполкі ахвотнікаў атрымаць гэтакі скарб, пагойсаўшы па дарогах павета, сталі ахвярамі шайкі, якая суцішыла шукальнікаў золата лыкавай пятлёй. Нарэшце дайшло да дзёрзкага выкліка царкве: падарожныя бойлы не ўстрымаліся забіць і кінуць у ручай старога ксяндза, які дрогкім вазком цягнуўся ў Вільню па нейкай справе да біскупа. Услед такі ж лёс напаткаў манаха з ашмянскага кляштара францысканаў, фундаванага панам Юндзілам. Раз'юшаны біскуп у нядзельнай сваёй казані на святой імшы абвінаваціў уладу ў грахах бяздзейнасці і выставіў патрабаванні вялікаму князю, каб вайсковыя залогі з Ашянскага і Медніцкага замкаў ахоўвалі хоць бы божых служак у іхных вандроўках па Чорнай дарозе. Князь Аляксандр, страціўшы цярпенне слухаць скаргі, выклікаў мінскага суддзю Ваньковіча і загадаў яму знайсці і вынішчыць пад корань драпежную зграю.

Вестка аб прызначэнні Ваньковіча вялікакняжацкім камісарам абудзіла сярод амшянскага жыхарства надзею на бяспеку і хуткую помсту бязлітасным сілам зла. Ваньковіч слыў за непадкупнага урадоўца, што само па сабе вымушала да павагі, але болей значыла іншая яго слава – не было злачынства, якое засталося б непакараным, калі яго браўся раскрыць пан Ваньковіч. Хутка ён з'явіўся на ашмянскіх дарогах з аддзелам малойцаў і пачаў аб'язджаць двары, збіраючы звесткі пра шайку забойцаў.

Адным з першых наведаў ён двор Русіноўскага, які быў вайсковым сябрам ягонага бацькі і загінуў у бітве з татарамі некалькі гадоў таму. Цяпер тут гаспадарыла малодшая дачка Русіноўскага Ядвіга, маладая ўдава, у якой на Чорным шляху збоі забілі мужа. Двор Ядвігі месціўся на паўдарозе паміж Ашмянамі і Меднікамі, за пяць вёрст ад бальшака праваруч. Сям'ю Русіноўскага і раней пераследавалі бедствы. Толькі старэйшая дачцэ Марце пашанцавала, бо , у пятнаццаць гадоў пашлюбілася па бацькавай волі з панам Матушам, які меў маёнтак каля Баруноў. Пра пана Матуша казалі, што ён чалавек добры, наколькі гэта было магчыма ў тбязлітасны час, калі падарожнічаць ў прыцемках насмельваўся толькі той, каму абрыдла жыццё на белым свеце. Пан Матуш шмат злачынных галоваў прабіў перначом, а калі прыдарожны злыдзень трапляў яму ў рукі жыўцом, дык Матушавы чаляднікі без сумневу прывязвалі грэшніка за ногі да дзвюх прыгнутых бяроз. Аднак Марту пан Матуш ніколі і пальцам не крануў, хіба толькі зрэдку на моцным падпітку. За чатыры гады Марта нарадзіла мужу трох сыноў, размажнела, узяла пад пільны нагляд каморы, і задаволена сядзела ў хаце, выязджаючы па святах у касцёл.

А вось сярэдняя дачка Марыля нанесла бацьку і маці неспадзяваную рану – напярэдадні вяселля, на якое ўжо збіраліся сваякі, яна таямніча знікла. Дарэмна гукалі яе ў лесе, шукалі па балотах – ніякага следу дачкі бацькі не знайшлі. Самые змрочные думкі рвалі бацькам сэрца, маці за некалькі ночаў ссівела, як лунь. Нарэшце праз месяц прыйшла вестка, якая ўсіх ашаламіла болей, чым знікненне: Марыля жывая, пастрыглася ў віленскім кляштары францысканак. Бацькі сабралі абоз, паімчэлі ў сталіцу, адшукалі ў кляштары дачку, крычэлі на яе, бацька і пабіць хацеў, потым на каленях еньчыў аб дараванні - усё дарэмна. Марыля адказвала, што ня хоча цярпець сямейнае жыццё, а шчасце шукае ў прысвячэнні сэрца Ісусу Хрысту – самаму высокароднаму жаніху на свеце. І глядзела на бацькоў і малодшую сястру са спачуваннем, як глядзяць на невідушчых.

А наступным годам здарыўся буйны наезд крымчакоў, некалькі іх загонаў рухаліся на Ліду. Бацька пайшоў з войскам у паход, у баі пад Дзятлавым пасеклі яго татарскія шаблі, недзе ў полі над Моўчадзю яго і пахавалі ў агульнай магіле. Толькі каня з бацькавай зброяй і даспехамі прывялі на двор яго прыяцелі. Хутка і маці адышла ўслед за сваім сужонцам.

Гаспадыней двара, над якім узяў апеку Матуш, засталася Ядвіга. Сіраціне было семнаццаць гадоў. Залатыя валасы, зіхоткія сінія вочы, ладная постаць хутка склаліся ў пагалоску, што ва ўсім Ашмянскім павеце няма больш прыгожай дзяўчыны. З гэтай прычыны, як толькі прайшоў год жалобы, да двара Русіноўскай пацянуліся сваты. Але яна ўсім адмаўляла. «Што за двор без мужыка? – злаваў на сваячку Матуш. – Хто табе дзіця зробіць? Хто абароніць, калі будзе які разбой?» – «Бог дапаможа мне абараніцца»» – упэўнена адказвала Ядвіга. Але пан Матуш узмацняў свой ціск і нарэшце дамогся згоды: Ядвіга пабралася з багатым сталага веку панам Хадзевічам. Той любіў выпіць, а выпіўшы, пабіцца. Пашырыў ён гэтую сваю звычку і на маладую жонку. Ядвіга пражыла з ім два гады, як у пекле. Нечаканы выпадак стаў для яе збаўленнем: аднойчы, калі Хадзевіч вяртаўся ад суседа, у якога некалькі дзён гасцяваў, нейкі збой забіў яго ударам чакана проста ў лоб. Пахаваўшы мужа, Ядвіга зноў пасялілася ў бацькоўскіх Русіновічах.

Ваньковіч стаў часто наведваць двор Русіноўскай. Напачатку іх адносіны не выходзілі за межы ветлівасці, але неўзабаве суддзя Ваньковіч, які ўжо колькі год быў удаўцом, паглядзеў на Ядвігу імшымі вачыма – і закахаўся. Ваньковічу падышло пад сорак, так што пачуцці, якія яго захапілі, мелі на мэце шлюб. Быў ён багаты, вядомы, удачлівы – дастаткова падставаў, каб разлічваць на шчасце з маладой прыгожай жанчынай.

Што тычыцца злодзеяў, дык тут справы ў лепшы бок ніяк не рушыліся. Сведчанні пацярпелых адсутнічалі, бо мёртвыя не гавораць, і лепшы следчы, не маючы хоць нейкай пэўнай зачэпкі, блукаў нібы сляпы сярод трох дрэваў. Насіўся Ваньковіч са сваёй паўсотняй па павеце – шайка затойвалася, ад'язджаў – наступным ранкам чый-небудзь двор стаяў з расчыненымі варотамі ў той жахлівай немаце, калі ад гаспадара да сабакі ўсе ляжаць з расколатымі галовамі.

Ваньковічу дапамагалі два возныя, людзі ў вышуку напрактыкаваныя і здольныя ўпільнаваць нават малы след злачынцаў. Але і яны знайшлі на зямлі не болей знакаў, чым бывае на свежым снезе. З гэтых возных, старэйшы, прозвішчам Вясна, был надзвычай дзейны. Усе яго шанавалі, хоць возны Вясна мала верыў у Пана Бога. «Ужо пражыў я за шэсцьдзесят гадоў, а толькі на абразах у цэрквах бога і анёлаў бачыў, - казаў ён. – А болей нідзе. А тое, што я сваімі вачыма не бачыў, таму веры даць не магу. А чаго не ведаю, пра то і кажу, што не ведаю. А мяркую гэтак: калі чалавека, вось такога, як мы з вамі, пан бог стварыў, дык і паміраць ён павінен з божай волі, а не ад чакана крывасмока на дарозе. І калі супраць татараў ці маскавітаў вялікі князь на рушэнне заклікае, то прыдарожных бойлаў трэба нам вынішчаць, як вошай з дзіцячай галавы, – каб крывёй пырскалі пад паўзногцям».

Выгляд возны Вясна меў суровы, і на людзей глядзеў з пранізлівай суровасцю, нібы бачыў усе набытыя імі грахі. Магчыма, ён і ўгледзіў на кімсьці адбітак смяротных грахоў, ды не паспеў падзяліцца з суддзёй Ваньковічам. Аднаго дня знайшлі пана Вясну і двух прызначаных пры ім быць стражнікаў на гасцінцы працятых стрэламі і дабітых палашамі. Ваньковіч над сваім любімым возным праліў слёзы і кляўся так жорстка адпомсціць, каб пашкадавалі, што нарадзіліся, але нязменная слава суддзі пахіснулася, пачалі перашэптвацца , што і сам ён хутка патрапіць у рукі забойцам і прыдзецца гэтаму смеламу чалавеку пагушкацца пад ветрам на дубовых арэлях.

Праўда, пан Ваньковіч не ўвесь час меўся займацца вышукам. Тры гады запар хадзіў ён з мінскай харугвай супраць татараў, а ўвосень 1506 года біўся з імі пад Клецкам, дзе вызвалілі з палону сорак тысяч сваіх людзей, а дваццаць тысяч крымчакоў спластавалі на палях і дарогах ад Клецкага замка да вытокаў Лані. Але менавіта ў жніўні і верасні, калі войска на чале з Глінскім і Радзівілам секла татар і заставаліся ашмянскія двары без гаспадароў, калі памёр вялікі князь Аляксандр і паўсюдна панавала разгубленасць, вось у гэты самотны час шайка без прычыны забіла дзве сям'і. Толькі магілы сваіх жонак і дзетак убачылі па вяртанні пераможцы татарскага ліха. Адзін з гэтых двух, сталага веку, ўзяў дзеўку-перастарку і пачаў наноў будаваць жыццё, другі, маладзейшы, не вытрываў страты, у адзіноце напіўся і залез у пятлю. Вось з гэтым, які павесіўся, і разам з возным Вясной лік ахвяраў разбойнай шайкі пераваліў за паўтары сотні. Так што пан Ваньковіч заўсёды быў у непакоі, і ягонае жаданне расплюшчыць шайку ўзмацнялася страхам за жыццё Ядвігі. Хоць яе двор быў агароджаны высокім парканам, хоць уздоўж сцяны і ноччу, і ўдзень пільнавала двор зграя дужых ваўкарэзаў, хоць падвоіла Ядвіга колькасць сваіх парабкаў – усякае магло здарыцца, ніхто не загавораны ад нападу душагубаў.

Ваньковіч часта наведваў Ядвігу; а калі яна захацела пабачыць сваю сястру-манашку, ён ахоўваў яе сваім аддзелам на небяспечным віленскім гасцінцы. Разам зашлі яны ў кляштарны шпіталь, дзе Марыля даглядала хворых. «Магчыма, і я хутка прыду да цябе ў кляштар», - сказала Ядвіга. Та, зірнуўшы на Ваньковіча і прачытаўшы па вачах ягоныя пачуцці, пачала пераконваць малодшую сястру, што і сярод людзей можна выканаць свой хрысціянскі абавязак. «Можна, - пагадзілася Ядвіга, - але ў нас так ідзе апошнія гады, што, засынаючы, ніхто не ведае, на якім свеце прачнецца». Там жа ў Вільні пан Ваньковіч прасіў Ядвігу пайсці за яго, і яна дала сваю згоду, абумовіўшы вяселле днём святога Марціна, гэта значыць на другі тыдзень лістапада.

Ды не ўдалося суддзі доўга радавацца. Стала вядома, хоць нікому ён сам і не распавядаў, што вялікі князь Жыгімонт надта яго дакараў за няздольнасць вышукаць ашмянскіх збояў і што ў адказ на князевы дакоры ён адказаў ганарлівым абяцаннем: «Ці я задушу шайку, ці вось гэтай шабляй перарэжу сабе жылы!» – «Справядліва! – жорстка ухваліў вялікі князь і не ўтрымаўся ўдакладніць:- Калі?» - «Не пазней за дзень анёла-захавальніка!» - адказаў суддзя. Па календары прыпадала гэтая дата на пяты дзень кастрычніка. А гутарка, у якой прагучала слова гонару, здарылася ў пачатку ліпеня. А святы Марцін святкуецца праз месяц пасля анёла-захавальніка. Вось так, каб ажаніцца з любімай жанчынай, суддзе Ваньковічу было неабходна застацца ў жывых, апошняе ж залежыла цяпер толькі ад удачы пошуку шайкі...

 

""
tarasau.com@gmail.com