Нарыс быў надрукаваны ў газеце "Новы час" 26-га лютага 2010
У паэме «Тарас на Парнасе» ёсць радкі, прысвечаныя знакамітаму ў свой час літаратару: «Гляджу сабе — аж гэта сівы,// Кароткі, тоўсты, як таўкач,// Плюгавы, дужа некрасівы,// Крычыць, як ашалелы, пан». У такім выглядзе паўстае Булгарын у хвіліну, калі па волі аўтара «прэ» на Парнас. Стэрэатып «ашалелага пана» забіваецца ў галовы і на ўсё жыццё адбівае ахвоту пацікавіцца, што за чалавек быў Булгарын на самай справе.
Нарадзіўся Тадэвуш Булгарын у 1789 годзе на Уздзеншчыне, у маёнтку Пырашава, і пры вадохрышчы ў Уздзенскім касцёле атрымаў імя Ян Тадэвуш Крыштоф. Бацька будучага пісьменніка трымаўся
рэспубліканскіх поглядаў, быў знаёмы з Касцюшкам і ў яго гонар даў сыну імя Тадэвуш. За ўдзел у паўстанні 1794 года і забойства рускага генерала Бенедыкт Булгарын зазнаў турму і высылку, аднак
амністыя імператара Паўла прынесла яму вызваленне.
Бацька быў характару рашучага, выхоўваў сына ў цвёрдых правілах, прынятых сярод шляхты: «Ён будзіў мяне ад сну або стрэламі над самым маім ложкам, або халоднай вадой, якую ліў на мяне ў сне.
Сказаўшы мне аднойчы, што толькі бабы і дурні вераць у чарцей, ведзьмакоў, ведзьмаў і мерцвякоў, ён адпраўляў мяне аднаго апоўначы, узімку і ўвосень, на гумно прынесці пук каласоў або жменю збожжа.
Трэба сказаць, што за нашым гумном былі сельскія могілкі з трухлявай уніяцкай драўлянай царквой… Пры гэтым бацька прывучаў мяне да самой грубай ежы; браў з сабою на паляванне, на якім мы
праводзілі часам па некалькі дзён, і ў свае сем гадоў, я галапіраваў за ім на маленькім кані, і нават страляў са стрэльбы, знарок для мяне зробленай», — узгадвае Тадэвуш.
Ва «Успамінах» і ў раманах Булгарына («Іван Выжыгін», «Пётр Выжыгін», «Дзмітрый Самазванец», «Мазепа»)
рассыпана мноства згадак пра Наваградскае ваяводства і беларускія землі. Наогул, яго твора насычаны цікавымі звесткамі пра старасвецкія звычаі, даволі дакладнымі гістарычнымі каментарамі. Можна
толькі пашкадаваць, што сённяшні чытач пазбаўлены магчымасці імі карыстацца.
Сваім жа бацьку, маці, сёстрам і прабабулі, якая пражыла 114 гадоў, ён прысвяціў такія праніклівыя словы памяці і ўдзячнасці, якія рэдка сустракаюцца ў літаратуры.
Вайсковая кар’ера
У сваіх успамінах Булгарын падрабязна апісвае, як падкуплены суд пазбавіў сям’ю маёнтка, як выгнаныя ўначы з роднай сядзібы бацька і дзеці цягнуліся па дарозе да сваякоў. У адзін момант
сям’я збяднела, і маці адвезла Тадэвуша ў Пецярбург, дзе з дапамогай знаёмых, у першую чаргу кампазітара Восіпа Казлоўскага, ёй удалося ўладкаваць сына ў кадэцкі корпус. Там, не ведаючы
рускай мовы, ён нацярпеўся нямала здзекаў і ад выхавальнікаў, і ад таварышаў. Булгарын з гонарам піша, што аднакашнікі далі яму мянушку Касцюшка, а старэйшыя кадэты вырашылі
«ахрысціць» каталіка ў «рускую веру», што і выканалі ў лазневы дзень, скінуўшы яго голага з другога паверху ў «рускую» гурбу.
«Вадохрышча» абышлося Булгарыну ў шэсць тыдняў цяжкай хваробы.
З корпуса ён выйшаў карнетам лейб-гвардыі ўланскага Яго Імператарскай Высокасці Гасудара Цэсарэвіча палка. Аднак вострая эпіграма на вялікага князя Канстанціна Паўлавіча каштавала яму
кар’еры. Яго арыштавалі, перавялі ў Кранштацкі гарнізон, потым — у драгунскі полк, які быў размешчаны ў Фінляндыі, адкуль адправілі ў адстаўку «по худой
аттестации» ў 22 гады ў чыне падпаручніка. Так скончылася яго расійская вайсковая служба. Булгарын, не маючы сродкаў да існавання, выехаў у Варшаву, адтуль Парыж і, як мноства беднай
беларускай шляхты, перайшоў у напалеонаўскае войска, у Польскі легіён, у складзе якога ваяваў у Іспаніі.
У вайну 1812 года служыў у 7-м уланскім палку корпуса маршала Удзіна, які дзейнічаў у Беларусі
супраць корпусу Вітгенштэйна. Капітанскія эпалеты і ордэн Ганаровага легіёна, якім узнагародзіў яго французскі імператар, сведчаць, што «ашалелы пан» вызначыўся ў баях.
У нарысе «Знаёмства з Напалеонам на аванпосце пад Баўцэнам 21 мая 1813 года (з успамінаў старога ваяра)» Булгарын апісвае сустрэчу з Напалеонам і сваё вылучэнне ў капітаны:
«Берцье, запішыце імя спадара афіцэра!» — сказаў Напалеон. Потым сеў на каня і павярнуўся да мяне: «Я гаварыў пра вас з вашымі падначаленымі, я задаволены вамі.
Калі вы будзеце ў чым мець патрэбу, звяртайцеся наўпрост да мяне, і ўзгадайце наша знаёмства пад Баўцэнам. Бывайце! Жадаю вам хутка быць капітанам!» — Я пакланіўся, і Напалеон
ад’ехаў крокам да эскадронаў гвардзейскіх улан... Праз гадзіну я прыбыў у полк, і першыя словы, якімі мяне сустрэў мой палкоўнік, былі: «Дабрыдзень, спадар капітан!»
У 1814 годзе капітан Булгарын патрапіў у палон да прусакоў. Абмен палоннымі прынёс яму вызваленне, і ён прыехаў у Вільню.
Тут ён знайшоў аднадумцаў у так званым таварыстве шубраўцаў, якое аб’ядноўвала літаратурна адораных асоб. Шмат пісаў на польскай мове і друкаваўся ў газеце «Вулічныя
навіны». Улады глядзелі на таварыства схільных да сатыры і гумару «прайдзісветаў» падазрона і неўзабаве зачынілі яго, а ўслед — і яго філамацкае адгалінаванне. У
Вільне больш працы не было, у 1821 годзе Булгарын пераязджае ў Пецярбург, каб там распачаць выданне сваіх газет і часопіса.
Канфлікт з Пушкіным
У такім кантэксце — менавіта канфлікту з Пушкіным — біяграфія і справы Тадэвуша Булгарына становяцца зразумелымі нашмат больш, чым у плоскім асвятленні
«рэакцыйнасці» і непрымання ім Аляксандра Пушкіна.
Сварку ініцыяваў сам Аляксандр Сяргеевіч, які абвінаваціў Булгарына ў крадзяжы сюжэту «Барыса Гадунова» для рамана «Дзмітрый Самазванец».
Булгарын меў развітое пачуццё годнасці і адказаў Пушкіну лістом: «З найвялікшым здзіўленнем пачуў я, быццам вы гаворыце, што я скраў вашу трагедыю «Барыс Гадуноў», пераклаў
вашы вершы ў прозу і ўзяў з вашай трагедыі сцэны для майго рамана. Аляксандр Сяргеевіч! Пашануйце сваю славу! Што скажа публіка? Вы павінны будзеце даказваць... Няўжо апрацоўваючы адзін (па імёнах
толькі) прадмет, трэба абавязкова красці ў іншага? У каго я што выкраў?»
Больш крыўднымі былі для Булгарына насмешкі Пушкіна над імёнамі-характарыстыкамі рамана «Іван Выжыгін», хаця гэткім жа прыёмам карысталіся і Грыбаедаў (напрыклад, палкоўнік
Скалазуб) і Гогаль у «Мёртвых душах» (Сабакевіч, Каробачка, Манілаў). Булгарын мсціва абвінаваціў Пушкіна ў тым, што ён выхваляецца сваім «паходжаннем ад негрыцянскага
прынца, тады як «дознано», што «прынц» быў набыты п’яным шкіперам у адным з партоў за бутэльку рому». Менавіта гэтая абраза падштурхнула Пушкіна
да напісання верша «Мой радавод».
Залучаны ў канфлікт творцаў цар Мікалай I прыняў бок аўтара «Анегіна» і загадаў зачыніць газету Булгарына «Северная пчела».
Трэба сказаць, што Пушкін моцна перабольшыў недахопы рамана Булгарына «Іван Выжыгін». У Расіі раман перавыдаваўся тройчы запар, у замежжы ён выдаваўся на французскай, польскай,
італьянскай, нямецкай, англійскай мовах.
Варта адзначыць яшчэ адзін чыннік для ўзаемнай непрыязні Пушкіна і Булгарына. У 1830 годзе пачалося паўстанне ў Польшчы і Беларусі. Пушкін у сваіх ацэнках не толькі не абуджаў «милость к
павшим», а наадварот заклікаў «отмстить неразумным» палякам. У Булгарына ж сярод паўстанцаў было шмат знаёмых і сяброў: там, дзе душылі паўстанне, была яго радзіма, мінулае
яго роду.
Вось вядомы ліст Пушкіна Вяземскаму ў 1831 годзе: «Ты чытаў вестку аб апошняй бітве 14 мая? Не ведаю, чаму не згаданыя ў ім некаторыя падрабязнасці, якія ведаю з лістоў і, падаецца, ад
дакладных людзей: Кржнецкі знаходзіўся ў гэтай бітве. Афіцэры нашы бачылі, як ён прыскакаў на сваім белым кані, перасеў на іншага бурага і стаў камандаваць — бачылі, як ён, паранены ў плячо,
выпусціў палаш і сам зваліўся з каня, як уся яго світа кінулася да яго і пасадзіла зноў на каня. Тады ён заспяваў «Яшчэ Польска не згінела», і світа яго пачала паўтараць, але ў тую
самую хвіліну іншая куля забіла ў натоўпе польскага маёра, і песні перапыніліся. Усё гэта добра ў паэтычным дачыненні. Але ўсё ж такі іх трэба задушыць, і ваша маруднасць пакутлівая. Для нас мяцеж
Польшчы ёсць справа сямейная, старажытная, спадчынная звада; мы не можам судзіць яе па ўражанні еўрапейскім, якім б ні быў, зрэшты, наш лад думак».
Паспяховы літаратар
Чуткі, што Булгарын — напалеонаўскі капітан, удзельнік паходу на Расію і бітваў з расійскімі гусарамі, часта навісалі над ім чорнай хмарай. Яго блізкімі сябрамі былі Рылееў, Бястужаў (яны
першымі пераклалі яго працы на рускую мову), Грыбаедаў, забароненую п’есу якога «Горе от ума» Булгарын надрукаваў у сваім часопісе «Руская Талия».
Запачаткаваныя ім газетныя выданні сталіся найбольш паспяховымі і папулярнымі ў Расіі, прынеслі яму матэрыяльны дабрабыт.
Падставы літаратурных нападкаў Булгарына на «дэмакратычных» пісьменнікаў даследаваліся мала. Паміж тым, не Пушкін, а Булгарын быў у Рылеева напярэдадні паўстання дзекабрыстаў і
вынес ад яго небяспечныя паперы. Гэта Булгарына арыштавалі па даносе Вайенкава, а не каго-небудзь па ягонай віне. Апошнім ударам па надзеях Булгарына адчуць сябе ў Пецярбурзе не чужынцам было
жорсткае ўдушэнне паўстання ў Варшаве, дзе загінула шмат яго знаёмых і прыяцеляў па легіёне.
Кнігі Булгарына адкрылі шырокаму рускаму чытачу незнаёмы да гэтага лад жыцця ў «Заходняй Русі»: погляды аўтара на гісторыю Расіі і Рэчы Паспалітай моцна адрозніваліся ад звыклых
расійскіх трактовак. Для мноства чытачоў ён наогул стаў асветнікам, заахвоціўшы сваімі «авантурнымі» раманамі да чытання.
У 1845 годзе, спрабуючы дамагчыся крэдыту для выдання «Северной пчелы», Булгарын падвёў падрахункі сваёй літаратурнай дзейнасці за чвэрць стагоддзя: «Да гэтага часу
напісана мной і выдадзена ў свет: 16 тамоў раманаў, 18 тамоў аповесцяў, артыкулаў аб норавах, біяграфій, розных гістарычных урыўкаў і падарожжаў, а ўсяго напісана мною на працягу майго літаратурнага
жыцця 173 тамы. Адважваюся сцвярджаць, што ні адзін пісьменнік у Расіі не выявіў большай дзейнасці».
Памёр Тадэвуш Булгарын у 1859 годзе на сваім лецішчы непадалёку ад Дэрпта.