Нарыс быў надрукаваны ў газеце "Новы час" 12-га сакавіка 2010

 

Дачка Вітаўта



Князь Вітаўт пражыў 80 гадоў і быў тройчы жанаты. Ад другой жонкі, Ганны Смаленскай, у яго нарадзілася дачка Соф’я. Вітаўт увайшоў у гісторыю як вялікі князь літоўскі, а Соф’я — як вялікая княгіня маскоўская. Уплыў абодвух на ход гістарычных падзей са значнымі наступствамі — бясспрэчны.


Sofia

На выяве: Карціна «Вялікая княгіня Соф’я Вітаўтаўна на вяселлі князя Васіля ІІ Цёмнага ў 1433 годзе зрывае з князя Васіля Касога пояс, які некалі належыў Дзмітрыю Данскому» / Мастак П. Чысцякоў (1832–1919)



Княжацкая школа

Соф’я нарадзілася ў 1371 годзе. Яе дзяцінства было шчаслівым. У Літве вярхоўную княжацкую ўладу дзялілі браты — Альгерд і яе дзед Кейстут. Соф’я жыла то Старых Троках, то ў гарадзенскім замку. Аднак усё змянілася са смерцю князя Альгерда. Барацьба Ягайлы за ўладу распачала трагічную старонку ў жыцці Вялікага княства. У дзесяць гадоў ёй давялося перажыць страты — смерць дзеда ў Крэўскім замку, дзе ён быў задушаны па загадзе Ягайлы, і смерць бабкі Біруты, якую чаляднікі Ягайлы ўтапілі ў Мухаўцы.

Яе бацька, князь Вітаўт, апынуўся ў той жа замкавай каморы, дзе быў забіты Кейстут. Соф’я з маці прыязджалі да яго ў Крэва. Калі бацька здолеў збегчы, ім давялося шукаць прытулак пад крылом крыжакоў. Вітаўт вымушаны быў прыняў «нямецкую веру», каб вадзіць атрады рыцараў на землі Ягайлы.

Першыя ўрокі крывавага майстэрства барацьбы за ўладу Соф’я атрымала з таемных гутарак бацькі з маці — моцнае выпрабаванне для псіхікі дванаццацігадовай дзяўчынкі. Яна яго вытрымала, урокі засвоіла.

У 1384 годзе Ягайла перад Крэўскай уніяй Вялікага княства Літоўскага з Польшчай таемна прапанаваў Вітаўту замірыцца і вярнуў яму Гарадзенскі, Брэсцкі і Луцкі ўдзелы. У Луцку выпадак звёў Соф’ю з князям Васілём, сынам Дзмітрыя Данскога. Два гады ардынцы ўтрымлівалі Васіля закладнікам за бацькаўскі доўг у 8 000 рублёў срэбрам. З дапамогай баяраў князь уцёк на Валынь, дзе намеснічаў Вітаўт і дзе жыла яго 15-гадовая дачка. Сустрэча Васіля і Соф’і завяршылася заручынамі.

Заняўшы польскі трон у Кракаве, Ягайла палічыў залішнім выконваць свае абяцанні Вітаўту. Вітаўт зноў сышоў да крыжакоў і разам з нямецкімі рыцарамі арганізаваў шэраг паходаў на Літву. У перыяды такіх паходаў Соф’я з маці знаходзілася ў сталіцы Ордэна — Мальбарку.

Так яна атрымала яшчэ адзін урок: у сваіх бітвах за ўладу родзічы літасці не ведаюць, чужацкага ворага шануюць вышэй, таму што за яго можна атрымаць выкуп, а з памілаваных сваякоў вырастаюць мсціўцы.


Сваякі

У 1386 годзе смаленскі князь Святаслаў разам з сынамі Глебам і Юрыем, сабраўшы войска, рушылі паходам на Мсціслаў. Стаялі пад горадам дзесяць дзён, але ўзяць не змаглі. На адзінаццаты дзень на падмогу гораду падышлі Вітаўт і Скіргайла з палкамі. Смаляне сышліся з імі ў бітве на рацэ Вехры. Князь Святаслаў загінуў. Вітаўт і Скіргайла падышлі да Смаленска, узялі з яго выкуп і пасадзілі на княжанне Юрыя. У 1395 годзе Вітаўт загадаў смаленскім князям выехаць да яго за ахоўнай граматай, аднак па дарозе іх схапілі і адправілі ў Ліду. Затым Вітаўт авалодаў Смаленскам і пасадзіў там сваіх намеснікаў.

У 1401 годзе дзядзька Соф’і, князь Юрый, разам з цесцем, князем Алегам Разанскім, адваяваў Смаленск, забіў намесніка Вітаўта і адданых яму баяр. Але ўвосень Вітаўт з палкамі вярнуў Смаленск пад сваю ўладу. Князь Юрый мусіў уцякаць у Наўгародскае княства, дзе яго пагадзіліся прытуліць. Жыў ён у Таржку, дзе знайшоў прыстанак выгнаны разам з ім князь Сямён Вяземскі. Князь Юрый закахаўся ў жонку Сямёна Вяземскага Ульяну, забіў яе мужа і спрабаваў сілай авалодаць удавой. Але княгіня, баронячыся, схапіла нож ды кінулася бегчы. Разлютаваны князь Юрый дагнаў яе на двары і пасек мячом. Усвядоміўшы, што нарабіў, Юрый збег у Разанскую зямлю, дзе жыў і замольваў грахі ў пустэльніка. Там і памёр у 1409 годзе.

Улада, каханне, гвалт, кроў і здрады — яшчэ адзін урок сямейных адносін для Соф’і, якой бацькоўскай воляй наканавана было стаць жонкай князя Васіля.


Яе сям’я

Княжанне Васіль прыняў у 1389 годзе пасля смерці бацькі, Дзмітрыя Данскога, згодна яго волі. За нявестай Соф’яй у ордэнскую сталіцу ад вялікага князя маскоўскага было скіравана адмысловае пасольства. З Мальбарка Соф’я морам паплыла ў Пскоў, з яго дабралася ў Ноўгарад, дзе яе сустракалі ад асобы жаніха яго дзядзька Уладзімір Серпухаўскі і яго малодшы брат князь Андрэй. 1 снежня 1390 года санкавы абоз даставіў князёўну ў Маскву.

Так Соф’я, дачка Вітаўта, стала Соф’яй Вітаўтаўнай, вялікай княгіняй маскоўскай. Там ёй спатрэбіліся ўсе ўрокі барацьбы за ўладу, атрыманыя ў бацькоўскіх уладаннях.

У Дзмітрыя Данскога і жонкі яго Еўдакіі было 12 дзяцей. Двое памерлі да прыезду Соф’і, але заставалася яшчэ дзесяць, прычым малодшы сын Канстанцін з’явіўся на свет за чатыры дні да смерці бацькі.

У самой Соф’і з Васілём нарадзілася пяць сыноў і чатыры дачкі. Першай з’явілася на свет у 1393 годзе Ганна, якую аддалі ў 14-гадовым узросце за візантыйскага цэсарэвіча Іаана Палеалога. Дачка Анастасія выйшла замуж за Аляксандра Алельку, што валодаў Слуцкім княствам. Васіліса і Марыя былі аддадзеныя за рускіх князёў.

Але на сынах Васіля і Соф’і стаяла пячатка року: Юрый памёр на сёмым годзе жыцця, Іван — на дваццатым, Сімеон і Даніла не пражылі і года. І толькі Васіль, якога Соф’я нарадзіла ў 44 гады, аказаўся доўгачаканым спадчыннікам.

Смерць першага і другога сыноў стварылі сітуацыю, калі барацьбу за маскоўскае княжанне пачалі іншыя нашчадкі князя Дзмітрыя, трымаючыся звычаю, які дазваляў узыходзіць на пасад і малодшым братам.

Магчыма, Соф’ю з мужам выцеснілі б з Крамля на задворкі, калі б бацькам Соф’і не быў князь Вітаўт, які ў 1392 годзе прыйшоў да ўлады ў Вялікім княстве Літоўскім і ўтрымліваў яе аж да 1430-га, да самай смерці.

Двойчы, у 1399 і ў 1408 гадах, Вітаўт і Соф’я — бацька і дачка, вялікі князь і вялікая княгіня — сустракаліся ў Смаленску. Яшчэ раз яны пабачыліся праз дванаццаць гадоў, калі бацьку было ўжо за 72, а Соф’і — за 50. Разумеючы сілу свайго цесця, князь Васіль перад смерцю ў 1425 годзе «даручыў» жонку і дзесяцігадовага спадчынніка, таксама Васіля, апецы князя Вітаўта.


Міжусобіца

Васіль, пачаўшы княжыць па смерці бацькі ў 1425 годзе, сам па маленстве кіраваць не мог. Рэальнай вялікай княгіняй маскоўскай была Соф’я Вітаўтаўна. Не ўсе пагаджаліся з такім станам рэчаў: брат нябожчыка, Юрый, адмовіўся прысягнуцца пляменніку Васілю і скіраваўся ў свой горад Галіч збіраць войска для вайны за маскоўскі пасад. Туды ж, у Галіч, але з мэтай унікнуць вайны, па дамоўленасці з княгіняй Соф’яй, выправіўся мітрапаліт Фоцій. Юрый, усвядоміўшы, што яго апалчэнне не зможа перамагчы маскоўскую конніцу, прызнаў сябе малодшым братам 10-гадовага пляменніка.

Але смерць Вітаўта ў 1430 годзе спрыяла абуджэнню ваяўнічых планаў у сямействе князя Юрыя. Ён гвалтоўна пазбавіў пляменніка вялікага княжання і «велікадушна» даў у долю Каломну.

Давялося Соф’і выехаць з Масквы. Змірыцца са становішчам удзельнай княгіні яна не магла, таму арганізавала праз царкву абурэнне самаўпраўнасцю малодшага сына Данскога. Юры, нядоўга пасядзеўшы вялікім князем маскоўскім, палічыў за лепшае вярнуцца ў свой Звянігарад. Там ён раптам сканаў, што выклікала падазрэнне ў атручванні. Вайна працягвалася да 1436 года, калі князь Васіль Касы, пляменнік Юрыя, накіраваўся ў Кастраму збіраць войскі супраць вялікага князя Васіля. У бітве Касы быў захоплены ў палон, адвезены ў Маскву і па рашэнні баяраў аслеплены.

У 1440 годзе ў Троцкім замку князь Аляксандр Чартарыйскі па баярскай змове забіў роднага дзядзьку Соф’і — вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча. На вызваленае месца паны і шляхта паклікалі вялікім князем 14-гадовага Казіміра, малодшага сына Ягайлы. Гэты стрыечны брат падыходзіў ёй ва ўнукі, ён з’явіўся на свет, калі Соф’і было 55 гадоў.


За помсту помста

Князь Васіль выступіў супраць татараў, якія ў 1445 годзе занялі Ніжні Ноўгарад, але ў бітве патрапіў у палон — у непрытомнасці пасля шабельнага ўдару. Потым на яго галаве налічылі трыццаць ран. Татары адправілі ў Маскву княгіні Соф’і нацельны крыж сына, каб яна не ўсумнілася ў яго бядзе. Соф’я Вітаўтаўна выкупіла Васіля за вялізную па тых часах суму ў 25 000 рублёў. Збор такіх сродкаў выклікаў сярод маскоўскага баярства смуту.

Князь Дзмітрый Шамяка гэтым скарыстаўся. Падчас ад’езду князя Васіля на багамолле Шамяка са сваімі прыхільнікамі захапіў Маскву і паланіў жонку князя і княгіню-маці Соф’ю, а затым у Траецкім манастыры паланіў вялікага князя Васіля. Васіль быў адвезены ў Маскву ў двор Шамякі, дзе 20 лютага 1446 года яго асляпілі і з жонкай саслалі ў Угліч. Было яму трыццаць гадоў, а наступныя шаснаццаць ён пражыў у слепаце, і таму сталі яго зваць Васіль Цёмны. Княгіня Соф’я была саслана ў Чухламу.

У гэтай трагедыі яна выявіла цвёрдасць характару і энергію да дзеянняў, здолеўшы арганізаваць сваіх прыхільнікаў. Іх дружыны сталі сцягвацца да Углічу. Князь Васіль прыбыў у Цвер. У 1450 годзе Шамяка быў пабіты пад Галічам, збег у Ноўгарад і памёр, паеўшы курыцы, якую атруціў яго асабісты кухар.

У 1451 годзе на Маскву рушылі татары. Васіль Цёмны адправіўся збіраць войска для адпору ворагу, а ў Маскве засталася кіраваць Соф’я Вітаўтаўна. Хронікі адзначаюць, што 80-гадовая вялікая княгіня моцнай воляй арганізавала масквічоў на адпор татарам пад сценамі горада.

Памерла Соф’я Вітаўтаўна 13 ліпеня 1453 года. Пахаваная ва Узнясенскім дзявочым манастыры. Княгіня Соф’я таксама набыла некалькі вёсак, якія адпісала ўнукам. Ёй належала і падмаскоўная вёска Вараб’ёвы Горы (у савецкія гады — Ленінскія Горы), набытая ў папа па мянушцы Верабей. Гэта вёска перайшла ад яе ўнуку Івану, які стаў вялікім князем пасля смерці бацькі (праз дзевяць год пасля смерці Соф’і).

У 1469 годзе папа Павел II прапанаваў Івану руку Соф’і Палеалог, пляменніцы апошняга візантыйскага імператара. Соф’я прывезла з сабой візантыйскія паданні пра царскую ўладу і візантыйскі герб — двухгаловага арла — знак адзінства царскай і царкоўнай улады. Ідэя царства, Соф’я і двухгаловы арол натхнілі князя Івана, будучага цара Івана ІІІ Васільевіча, да далучэння новых зямель.

Па смерці Казіміра, калі літоўскі пасад заняў князь Аляксандр, цар Іван III пачаў маштабную вайну за беларускія землі.


gannetarasavai@gmail.com