Нарыс быў надрукаваны ў газеце "Новы час" 25-га сакавіка 2010

 

Тадэвуш Касцюшка і Юзэф Пілсудскі



Жыцці гэтых двух гістарычных асоб аддзяляе 121 год. «Начальнік паўстання» і «начальнік дзяржавы» — ці ёсць паміж імі нешта агульнае, найперш скрозь прызму беларускага пытання.



Sofia





Падлеткі

У 1746 годзе ў маёнтку Мерачоўшчына нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Прапрадзед яго Канстанцін быў натарыем вялікага князя. Праз шлюб з дачкой князя Гальшанскага ён парадніўся з дынастыяй Ягелончыкаў. Але вышэй павятовых пасад ніхто з Касцюшкаў да Тадэвуша не паднімаўся.

Пілсудскі нарадзіўся ў 1867 годзе ў маёнтку Зулаў Свенцянскага павета. (Пасля верасня 1939 года гэты павет увайшоў у Вілейскую вобласць БССР). Яго бацька, Юзэф Пілсудскі, паходзіў з беларускага роду Гінетавічаў, вядомага па Грунвальдскай бітве.

Да сямі гадоў іх дзяцінства было падобным — абодва выраслі ў сядзібах, побач знаходзіліся вёскі, у якіх гаварылі па-беларуску, а калі хлопцы прыходзілі дамоў, слухалі старэйшых па-польску. Але былі і адрозненні. Маці Пілсудскага, Марыя Білевіч, у шуфлядзе, зачыненай на замок, захоўвала партрэты польскіх і літоўскіх герояў, якія па важных днях паказвала сынам. Яшчэ яна чытала ўслых паэму «Пан Тадэвуш», якую не мог чытаць Касцюшка. Піярская калегія, дзе вучыўся Тадэвуш, была польскай, Віленская гімназія, дзе вучыўся Пілсудскі, была рускай. З-за гэтага ў Пілсудскага ўтварылася непрыязнасць да русіфікацыі, якая ў Касцюшкі ўзнікла толькі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай.


Маладыя гады

У дзевятнаццаць гадоў Касцюшка паступіў у Варшаўскі кадэцкі корпус і разам з капітанскімі пагонамі атрымаў стыпендыю для навучання ў ваеннай школе пры Луўры. Вярнуўшыся на радзіму, Тадэвуш закахаўся ў Людвіку Сасноўскую, дачку польнага гетмана. Маладыя людзі пазнаёміліся ў маі, а ў верасні Касцюшка папрасіў у гетмана руку яго дачкі. Узвар’яваны «дзёрзкасцю», Сасноўскі загадаў Тадэвушу пакінуць сядзібу. Касцюшка прапанаваў Людвіцы пайсці з ім пад вянец супраць бацькоўскай волі. Тады Сасноўскі абвясціў, што прыцягне Касцюшку да суду, які прадугледжваў за такое злачынства смяротную кару. Выйсце для яго адкрылася з вайной, якую ў 1775 годзе пачалі амерыканскія штаты. Францыя дасылала туды афіцэраў-валанцёраў, у якія запісаўся і Касцюшка. Так ён патрапіў у Амерыку, дзе атрымаў патэнт палкоўніка-інжынера амерыканскай арміі. Ён забяспечыў фартыфікацыямі Саратогу на рацэ Гудзон. Галоўнакамандуючы войскамі Джордж Вашынгтон даручыў Касцюшку будаўніцтва крэпасці Вест-Пойнт. Англічане не рашыліся штурмаваць яе і наогул уздымацца ўверх па Гудзону — рака на ўсю шырыню (450 метраў) была перакрытая жалезным ланцугом, сканструянаваным Касцюшкам. Ён стаў генералам амерыканскай арміі, шаноўным грамадзянінам ЗША. Але пасля 8-гадовай вайны вярнуўся на радзіму.

Юнак Юзэф Пілсудскі пасля гімназіі паступіў у Харкаўскі універсітэт. Але студэнцкае жыццё выдалася нядоўгім. Яго брат Браніслаў быў удзельнікам змовы, арганізаванай «Народнай воляй» для забойства расійскага імператара Аляксандра III. Юзэф, які прывёз змоўшчыкам чамадан з дынамітам, быў як непоўнагадовы высланы ў Сібір. Менавіта ў гэтыя гады Пілсудскі называў сябе беларусам.

Пасля высылкі ён стаў адным з заснавальнікаў Польскай сацыялістычнай партыі, рэдактарам газеты «Robotnik». Раскрыццё друкарні прывяло ды арышту Пілсудскага. Ён пяць месяцаў адбыў у Пецярбургскім вар’яцкім доме, пакуль не ўцёк. Пілсудскі становіцца арганізатарам грабяжоў для партыйнай касы. Асабліва вядомая яго «экспрапрыяцыя» ў Безданах недалёка ад Вільні. Група напала на паштовы вагон і атрымала вялізныя грошы — 200 тысяч рублёў (прыкладна 2 000 000 долараў па сучасным курсе).


Годнасць

3 мая 1791 года сойм прыняў Канстытуцыі Рэчы Паспалітай. Галоўнымі пунктамі Канстытуцыі былі адмена «ліберум вета» і федэратыўнага ладу дзяржавы, увядзенне адзінай польскай мовы і спадчыннай манархіі, захаванне прывілеяў шляхты і ўсталяванне апекі дзяржавы над сялянамі. Гэта сталася прычынай другога падзелу Рэчы Паспалітай.

Еўрапейская слава знайшла Касцюшку пасля бітвы з рускімі пад Дубенкай 18 ліпеня 1792 года. Адразу пасля Дубенкі Касцюшка атрымаў чын генерал-лейтэнанта. У сакавіку 1794 года на Рынкавай плошчы Кракава яго абвясцілі галоўным начальнікам паўстання. 10 кастрычніка 1794 года адбылася бітва палякаў з рускімі пад Мацеявіцамі — пераломная і няўдалая для Касцюшкі. Ён быў паранены казакамі, трапіў у палон, і яго адвезлі ў Пецярбург.
У 1914 годзе аўстрыйскі ўрад дазволіў Пілсудскаму мець у арміі польскія легіёны. Пілсудскі камандаваў толькі Першай брыгадай, але паралельна ён ствараў Польскую ваенную арганізацыю, што дазволіла сфармаваць Польскае войска. Брэсцкі мір і рэвалюцыя ў Германіі паспрыялі Польшчы адрадзіцца як дзяржаве.

Улетку 1919 года Пілсудскі выратаваў Савецкую ўладу ў Расіі. Над Масквой навісла пагроза — наступ Добраахвотніцкага войска Дзянікіна. Польскія ж войскі, якія знаходзіліся на той час у Беларусі і Валыні, і якія ўжо паўгода самастойна змагаліся з Чырвонай арміяй, спакойна назіралі за сутыкненнем чырвоных і белых. Пазней Пілсудскі тлумачыў, што ў выпадку рэстаўрацыі імперыі не магло быць і размовы аб вольных Украіне і краінах Балтыі. Польшча ў лепшым выпадку магла б разлічваць на «этнічную» мяжу, якая неўзабаве атрымала назву «лініі Керзона» і стала рэальнай пасля другой сусветнай вайны.

У сакавіку 1919 года палякі занялі Пінск, авалодалі Наваградкам, Баранавічамі, Лідай і Вільняй, Мінскам і Бабруйскам. У 1920 годзе Чырвоная Армія пачала наступ у Беларусі. У жніўні часткі Тухачэўскага падышлі да Варшавы. Пілсудскі, генерал Развадоўскі і французскі генерал Вейган падрыхтавалі контрудар. Толькі за ліпень 1920 года ў Войска Польскае ўступілі 150 тысяч добраахвотнікаў. У жнівеньскай бітве Чырвоная армія пацярпела паразу, у палон трапілі каля 100 тысяч салдат.

Без Пілсудскага гэтай перамогі над Віслай не было б ужо хаця б толькі таму, што не было б самой Варшаўскай бітвы. Калі войскі Тухачэўскага стаялі пад Варшавай, многія ў польскім кіраўніцтве лічылі адзіным выратаваннем без бою Варшаву здаць і адыходзіць у былую прускую Польшчу, межы якой бальшавікі быццам бы не адважацца перайсці. Толькі жалезная воля Пілсудскага зберагла ўсё ад развалу.


«Не» Касцюшкі

Сярод першых учынкаў Паўла I быў візіт да вязня Мармуровага палаца. Павел прапанаваў Касцюшку свабоду ў абмен на прысягу на вернасць імператару. Яго прысяга прыносіла свабоду яшчэ 12 тысячам паўстанцаў. Касцюшка пагадзіўся і з’ехаў у Амерыку.

Першапачаткова ён планаваў застацца ў Новым Свеце назаўжды. Аднак у маі наступнага года пераехаў у Еўропу. Прычынай вяртання стала запрашэнне ўзначаліць марш легіёнаў з Італіі ў Малапольшчу з мэтай падняць там паўстанне. У Парыжы высветлілася, што Напалеону гэты план быў патрэбны дзеля запалохвання паўстаннем Прусіі, каб выбіць яе з антыфранцузскай кааліцыі. “Не! — сказаў Касцюшка і служыць Напалеону адмовіўся.

У 1800 годзе паўстанец і генерал пераехаў у мястэчка Бярвіль поруч з Фантэнебло, у маёнтак братоў Цельтнераў, старэйшы з якіх прадстаўляў Швейцарыю ў Францыі, а малодшы на радзіме быў бургамістрам мястэчка Салюрн. У гэтым мястэчку і правёў свае апошнія два гады Тадэвуш Касцюшка. Тут ён навучаў хросніцу Тадэі Цельтнер гісторыі, малюнку і мовам, а калі дазваляла здароўе, здзяйсняў конныя прагулкі. Стары генерал кожнаму сустрэчнаму ўсміхаўся і кожнаму жабраку падаваў міласціну.


«Санацыя» Пілсудскага

Марай Пілсудскага было адрадзіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года. І ён патрабаваў, каб польская дэлегацыя настойвала на такой умове міру. Але Польшча была змучаная шасцігадовай вайной, польская дэлегацыя, якая складалася з яго палітычных супернікаў, прыклала ўсе высілкі, каб новая лінія мяжы была праведзеная бліжэй, чым яна была ў 1772 годзе.

Тры гады Пілсудскі ўгаворваў летувісаў вярнуцца ў «абдымкі польскага брата» і атрымаць назад Вільню ў абмен на «унію». Але летувісы не пагадзіліся на страту незалежнасці. Тады Віленшчына была далучана да Польшчы праз «рэферэндум». Гэта стала адным з чыннікаў таго, што ў 1923 годзе Пілсудскі вымушаны быў адрачыся ад усіх дзяржаўных пасад. Але праз тры гады ён вырашыў вярнуцца ў сувязі з «анархіяй».

Вайсковы міністр Жэліхоўскі сабраў пад Варшавай адборныя часткі і перадаў камандаванне над імі Пілсудскаму. 12 мая 1926 года палкі рушылі на сталіцу. Увечар пачаўся бой у Варшаве. Падчас баёў загінула 379 чалавек, было паранена 1000. У краіне быў усталяваны рэжым аўтакратыі Пілсудскага, так званы рэжым “санацыі.

Нацыянальны беларускі адраджэнскі рух апынуўся пад пагрозай знішчэння. На ўсю Заходнюю Беларусь засталася толькі адна беларуская школа ў Вільні. Беларускіх інстытутаў, каледжаў, тэатраў, друкаваных выданняў не існавала. Суд у Брэсце ў 1927 годзе асудзіў да 10 гадоў турмы 30 сябраў КПЗБ. Была забаронена дзейнасць Беларускай сялянска-рабочай Грамады (120 тысяч чалавек), а яе 400 кіраўнікоў рэпрэсаваныя. У 1932 годзе Асташынскае і Кобрынскае сялянскія паўстанні былі задушаны войскамі — 7 чалавек павешаны, 79 асуджаны. 17 чэрвеня 1934 прыняў вязняў канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай.


Адрозненні

Касцюшка стаў начальнікам паўстання тады, калі яшчэ не было ніякіх партый Літвы і Беларусі, якія б ставілі пытанне хоць бы наконт сваёй аўтаноміі, не было ні адной асобы, якая ўяўляла б, як гэта можна зрабіць. Патрыятычна настроены, ён не хацеў, каб рускія захапілі яго краіну. І пацярпеў паразу.

Касцюшка быў вольналюбівым чалавекам, але ў межах непадзельнай Польшчы, у якую б уваходзілі Беларусь і Літва як простыя ваяводствы. Незадоўга да сваёй смерці ён вырашыў вызваліць сялян ад прыгнёту. Сястра Касцюшкі напісала Аляксандру I ліст, дзе прасіла яго парушыць завяшчанне брата. Імператар пагадзіўся з яе патрабаваннем.

Пілсудскі вельмі любіў легенду пра сабе як пра «бацьку польскай незалежнасці». Магчыма, што іншы чалавек не выканаў бы такой задачы. У Пілсудскага была любоў да Рэчы Паспалітай. Ён жадаў, каб беларусы таксама сталі «добрымі палякамі». Але Пілсудскі далучыў да Польшчы Беларусь, калі была беларуская дзяржава, і свядома ўвёў апалячванне.

Касцюшку, «начальніка паўстання», беларусы лічаць сваім героем, «начальніка дзяржавы» Пілсудскага — не.


gannetarasavai@gmail.com