Нарыс быў надрукаваны ў газеце "Новы час" 2-га сакавіка 2010
Пасля смерці Вітаўта ў Вялікім княстве Літоўскім разгарнулася барацьба паміж Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Яна была падобная на вайну, што вялася паміж Вітаўтам і Ягайлам за 40 гадоў да гэтага, толькі скончылася драматычна для ўсёй гісторыі Вялікага княства.
Князь Свідрыгайла
Вітаўт памёр у кастрычніку 1430 года. Усяго дзесяць дзён спатрэбілася, каб са згоды Ягайлы вялікім князем быў вылучаны Свідрыгайла. Па-першае, ён быў Альгердавіч — малодшы брат Ягайлы,
па-другое, ён вельмі хацеў захапіць уладу і абяцаў абараняць польскія інтарэсы — аддаць палякам Падолле, не браць у раду праваслаўных, не мірыцца з крыжакамі. Яго абяцанні трымаліся ў
паветры да таго дня, пакуль ён не ўздзеў вялікакняжацкую карону.
Без малога трыццаць гадоў чакаў Свідрыгайла гэтай хвіліны, і са стараннасцю пачаў рабіць сваё насуперак Ягайлу. Адразу ж развязаў вайну з палякамі за Падолле, тут жа склаў мір з крыжакамі, калі яны
пайшлі вайной на Польшчу, прызначаў намеснікамі праваслаўных. Гарадзельская унія растоптвалася князем, паўвекавыя высілкі палякаў прывязаць Вялікае княства да Кароны руйнаваліся.
Абразуміць малодшага брата вырашыў кароль Ягайла. Яму было восемдзесят гадоў, дарога далася яму нялёгка, ён прыбыў у Вільню моцна стомленым. Але кароль апынуўся ў падзямелле, дзе паўстагоддзя таму
трымаў яго князь Кейстут за змову з крыжакамі. Ягайла зразумеў, што малодшы брат помсціць яму за сваё васьмігадовае зняволенне ў Крамянцы і гатовы пратрымаць яго ў склепе да смерці. Кароль зламаўся,
яго ліст адвезлі ў Кракаў, і радныя паны, ратуючы жыццё Ягайлы, пагадзіліся са стратай Падолля і самастойнай уладай вялікага князя.
Кароль здабыў волю, але тут Свідрыгайла памыліўся, паколькі гэта развязала рукі яго супернікам. Палякі і баяры-каталікі склалі змову, вырашыўшы перадаць вялікакняжацкую карону Жыгімонту Кейстутавічу.
Завіхаўся ў змове і князь Сямён Гальшанскі. Дачка Сямёна, Соф’я, была жонкай Ягайлы, і князь Сямён марыў, каб хто-небудзь з яго дваіх унукаў узяў пасля карону Вялікага княства.
Свідрыгайлу запрасілі ў Брэст на сустрэчу з Ягайлам і вялікім магістрам. Не чуючы падвоху, ён выступіў у шлях з атрадам аховы. Але ў Ашмянах на князя Свідрыгайлу раптам напаў атрад Сямёна
Гальшанскага. Вялікі князь збег у Віцебск.
Князь Жыгімонт
У гэты час у Вільні сеў вялікім князем Жыгімонт. Гэта не было падарункам для Ягайлы, таму што Жыгімонт быў спадчыннікам Вітаўта, які ў свой час дамогся самастойнага праўлення ў ВКЛ. Праўда, Жыгімонт
прасіў караля не турбавацца — маўляў, ён адменіць усё змены Свідрыгайлы, трэба трохі пачакаць, пакуль у Вялікім княстве ёсць два вялікіх князя, бо між імі пачалася вайна. Сілы супернікаў
былі роўныя, і ні адзін не жадаў саступіць.
У 1434 годзе, ужо па смерці Ягайлы, калі ў Польшчы кіравалі радныя паны, Свідрыгайла задумаў рэальны, на яго погляд, план для вяртання кароны. Ён вырашыў ажыццявіць унію цэркваў. Як выканавец жадання
Рымскай царквы, ён мог разлічваць на падтрымку Папы, а як супернік Гарадзельскай уніі — на дапамогу імператара Сігізмунда і Тэўтонскага ордэна. Але для царкоўнай уніі неабходна была згода
мітрапаліта Літоўскай Русі Герасіма.
Свідрыгайла пачаў дамаўляцца з ім і адначасова разаслаў на каралеўскія двары лісты пра тое, што рыхтуе аб’яднанне цэркваў. Імператар Сігізмунд адразу ж паабяцаў яму каралеўскую карону. Ордэн
накіраваў прасіцельны ліст у Рым. З Рыма дайшлі пасланні камянецкаму біскупу, каб пагадзіў супрацьстаялых вялікіх князёў, і мітрапаліту Герасіму з блаславеннем на унію.
Польскія паны не маглі пагадзіцца на каранаванне Свідрыгайлы — гэта азначала б адпадзенне Вялікага княства ад Польшчы, а Жыгімонт Кейстутавіч не жадаў дапускаць суперніка ў Вільню. У
беларускіх гарадах, дзе Свідрыгайла лічыўся абаронцам праваслаўя, прыняць карону з рук імператара-каталіка было нельга. Герасім, адчуваючы, што старанні аб саюзе з каталіцкай царквой пазбавяць яго
даверу сярод праваслаўнага духавенства, адмовіўся дапамагаць Свідрыгайлу. Ведаючы мсцівасць вялікага князя, ён увайшоў у змову са смаленскімі баярамі наконт выдачы Свідрыгайлы вялікаму князю
Жыгімонту. Але смаленскі намеснік Юрый Бутрым выдаў змоўшчыкаў. Мітрапаліта Герасіма ў ланцугах адвезлі ў Віцебск да Свідрыгайлы.
Бітва на Святой
Улада двух князёў доўжыцца не магла, і надышоў час вырашаць спрэчку бітвай. 1 верасня 1435 года супернікі сустрэліся на рацэ Святой. Жыгімонту палякі далі ў дапамогу восем тысяч рыцараў. Свідрыгайла
вывеў пяць харугваў — Смаленскую, Віцебскую, Полацкую, Мсціслаўскую, Кіеўскую. Яму дапамагаў князь Жыгімонт Карыбут, які прывёў атрады селезцаў, чэхаў і ракушан. І яшчэ дашлі на падмогу
лівонскія харугвы і харугва шведаў.
Нешта фатальнае было ў натуры Свідрыгайлы, пячатка няўдачы абавязкова клалася на ўсе яго важныя справы. Напярэдадні бітвы ён не ўтрымаўся здзейсніць кару, якая абарвала прыязнасць да яго праваслаўных
палкоў. Па яго загаду мітрапаліт Герасім на рынкавым пляцы ля мосту праз Віцьбу быў спалены жывым.
Але войскі сышліся, больш за дваццаць тысяч людзей чакалі знака на бітву. Гуфы Жыгімонта Кейстутавіча раптам натапырыліся дзідамі і, набіраючы разгон, пайшлі наперад; ім насустрач прыпусцілі рыссю
паліцы Свідрыгайлы. Абапал загрымела: «Бі! Сячы!»
У гэтай бітве перамог вялікі князь Жыгімонт, пераможаны Свідрыгайла збег да малдаўскага гаспадара. Жыгімонт пачаў кіраваць аднаасобна, пасля бітвы на Святой адправіў польскіх рыцараў на радзіму і быў
вольны.
Адразу думкі Жыгімонта і Свідрыгайлы перамяніліся на зваротныя. Свідрыгайла так жадаў застацца вялікім князем, што таемна абяцаў палякам далучыць да Польшчы ўсё Вялікае княства Літоўскае. Радныя паны
не вельмі верылі яму, таму што ён іх падмануў, калі ў першы раз стаў князем. Можа, ён далучыў бы Вялікае княства да Польшчы, але ў яго не было досыць палкоў для такой дзёрзкай задумы.
У Жыгімонта быў сын Міхаіл. І ён пачаў рабіць усё, каб перадаць уладу сыну. Да 1439 года ў яго з’явіліся антыпольскія настроі, якія ён нават не збіраўся хаваў. Паны і намеснікі Вялікага
княства, схільныя прыслухвацца да польскага боку, не адважыліся ўспамінаць пры ім, што ён абяцаў каралю Ягайлу за 8 тысяч войска, якое перамагло Свідрыгайлу. Усім падавалася, што менавіта Польшча
павінны шукаць выйсце, каб загубіць непаслухмянага князя.
Забойства
Але ў 1440 годзе па змове валынскіх праваслаўных князёў Жыгімонт быў забіты. Мабыць, гэта здарылася не без згоды Свідрыгайлы. Выканаць забойства ўзяўся малады князь Аляксандр Чартарыйскі. Ён не
ўяўляў таго, што наступіць пасля смерці Жыгімонта. На розум Чартарыйскага здавалася, што адзіны прэтэндэнт на ролю вялікага князя Свідрыгайла. Але той жыў далёка ад Трокаў і не памкнуўся ў тыя дні на
радны савет, калі князь Чартарыйскі прывёз у замак сенны абоз у трыста падвод, на кожнай з якіх быў схаваны ваяр.
Чартарыйскі і памагаты яму шляхціц Скабейка знайшлі Жыгімонта ў капліцы. Дзверы была зачыненая знутры. У гэта імгненне Чартарыйскі ўбачыў, што па двары ходзіць любімы Жыгімонтаў мядзведзь, і
зашкрабаў аб дзверы пазногцямі. Жыгімонт адчыніў дзверы, Чартарыйскі і Скабейка зайшлі, і Чартарыйскі ўдарыў Жыгімонту качаргой.
Гэта было другое пасля задушэння Кейстута забойства вялікага князя. Уся краіна была здзіўленая. Пазней летапісцы ва ўгоду сваім вяльможным апекунам напісалі, што Жыгімот забіў незлічоную колькасць
паноў, чым і заслужыў такую смерць. Але імёнаў гэтых паноў летапісцы так і не паставілі.
Вось толькі Аляксандр Чартарыйскі, змушаны быў пасля забойства Жыгімонта збегчы з ВКЛ, знайшоў прыстанак у галіцкага князя Дзмітрыя Шамякі. Маскоўскі князь Васіль у 1443 годзе нават накіроўваў
Аляксандра ў Пскоў сваім паслом. Праз чатыры гады ён даў згоду быць намеснікам вялікага князя маскоўскага ў Ноўгарадзе, хадзіў з наўгародцамі на немцаў, на лівонскага магістра і шведскага караля.
Узімку 1456 года князь Аляксандр камандаваў наўгародскім войскам падчас вайны паміж Ноўгарадам і Масквой. Па патрабаванні маскоўскага князя ён быў выгнаны за гэта з Ноўгарада і сеў княжыць у Пскове.
У 1460 годзе, калі маскоўскі князь прыбыў у Ноўгарад, пскавічы паслалі да яго пасаднікаў аб сцвярджэнні Чартарыйскага намеснікам. Але князь Аляксандр адпрэчыў гэтую ўмову і пакінуў Пскоў. Дзе ён жыў
пасля Пскова, невядома.
Казімір, сын Ягайлы
Пасля смерці Жыгімонта радныя паны прапанавалі ў вялікія князі яго сына Міхаіла. Гэта быў лепшы варыянт развіцця падзей для ўсяго ВКЛ. Міхаіл быў разумны, асцярожны, ведаў, што Польшча жадае
паглынуць Вялікае княства. Але шляхта, арганізаваная Сямёнам Гальшанскім, бацькам польскай каралевы і дзедам яе ўнукаў, назвала князем Літвы і Русі малодшага сына Ягайлы — Казіміра. У
чатырнаццаць гадоў яго прывезлі на гэтую ўрачыстасць.
Ніколі раней за 200 гадоў Вялікага княства Літоўскага няпоўнагадовы хлопец не быў вялікім князем. Гэта парушала векавую традыцыю і звычаі. Але зараз хлопчыку далі меч вялікага князя, увянчалі яго
каронай, пасадзілі на трон, і ўсе князі і баяры былі павінны яго слухацца.
У 1444 годзе, калі брат Казіміра, 22-гадовы польскі кароль загінуў пад Варнай у бітве з туркамі, палякі абвясцілі Казіміра польскім каралём і вялікім князем Літвы.
Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае засталося без уласнага кіравання, двор перамясціўся ў Кракаў.